Зрабіць не для галачкі. А хто супраць?

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Ад жыхароў мікрараёна шматпавярховай забудовы па вуліцах Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай у Дзятлаве ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь паступіў калектыўны зварот.

Па рашэнні Адміністрацыі дакумент быў накіраваны ў Гродзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя з даручэннем: сумесна з Гродзенскім аблвыканкамам разабрацца ў сітуацыі з выездам на месца і знайсці ўзаемна прымальнае рашэнне.

Для абмеркавання звароту прайшлі адкрытыя грамадскія слуханні з удзелам прадстаўнікоў Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, раённых службаў, праектнай арганізацыі і жыхароў мікрараёна.

Намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі патлумачыў сутнасць звароту. Заяўнікоў непакоіла, што “для ўладкавання парковачных месцаў неабходна спілаваць амаль усе дрэвы, якія знаходзяцца ў мікрараёне”, і людзі патрабавалі змяніць праект так, “каб не пацярпела ні адно дрэва”.

На жаль, не заўсёды на практыцы гэта магчыма зрабіць, бо ёсць шэраг нарматыўных дакументаў, якія трэба ўлічваць пры выкананні праектных работ. Гэта тэма ўжо неаднаразова абмяркоўвалася з жыхарамі мікрараёна пры правядзенні грамадскіх слуханняў і абмеркаванні перадпраектнай дакументацыі па добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі. На абмеркаванне перадпраектнай дакументацыі запрашаліся ўсе жадаючыя жыхары мікрараёна, і ў гэтых сустрэчах прымалі ўдзел прадстаўнікі райвыканкама, камунальнай гаспадаркі і праектнай арганізацыі.

У гатовай праектнай дакументацыі праекціроўшчыкі максімальна ўлічылі ўсе выказаныя ў час абмеркавання пажаданні жыхароў мікрараёна, каб захаваць большасць дрэў, якія растуць на гэтай тэрыторыі. Прапановы жыхароў былі вынесены на галасаванне, вынікі якога аформлены дакументальна. Прапанаваную праектна-каштарысную дакументацыю падтрымала большасць прысутных, якія выказаліся за захаванне парковачных месцаў, прадугледжаных у ёй. А замест дрэваў, якія будуць выдалены, плануецца кампенсацыйная пасадка.

Праектная дакументацыя на добраўпарадкаванне мікрараёна ўжо прайшла дзяржаўную экспертызу, вызначана крыніца фінансавання работ і аб’яўлены тэндар для вызначэння падрадчыка, які будзе выконваць будаўнічыя работы.

Свае меркаванні па разглядзе звароту і ўзнятых у ім праблемах выказалі прадстаўнікі Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, райвыканкама і жыхары мікрараёна, якія прысутнічалі на сустрэчы.

Юрый Залеўскі:

– Яшчэ некалькі гадоў таму прадстаўнікі райвыканкама і кіраўніцтва РУП ЖКГ абследавалі дваровыя тэрыторыі шматпавярховай забудовы ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні. Быў складзены перспектыўны план па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый шматпавярховай жылой забудовы. Самыя праблемныя двары знаходзіліся па вуліцы Навагрудскай райцэнтра. Таму было прынята рашэнне ў першую чаргу правесці добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі жылых дамоў № 4А, 7, 8, 9 па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве. Бо гэты мікрараён шматнаселены і праз яго праходзяць жыхары іншых шматпавярховых дамоў, якія тут знаходзяцца.

Пры абмеркаванні праекта і правядзенні грамадскіх слуханняў жыхары мікрараёна таксама ўзнімалі пытанні, якія іх турбавалі, і яны, па магчымасці, былі ўлічаны. Разам з тым, добраўпарадкаванне тэрыторыі вуліцы Навагрудскай было выканана: з’явіліся і зручныя паркоўкі, і лавачкі ля пад’ездаў, а людзі кажуць нам: “Дзякуй”.

Другі праект быў распрацаваны для добраўпарадкавання дваровай тэрыторыі шматпавярховай забудовы ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. У 2020 годзе былі выкананы будаўнічыя работы, на што затрачаны значныя сродкі, і дваровая тэрыторыя поўнасцю змяніла свой выгляд, а людзі пасля заканчэння рамонту выказвалі словы ўдзячнасці на адрас будаўнікоў і раённай улады.

Сёлета падышла чарга добраўпарадкавання мікрараёна вуліц Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай у Дзятлаве. Пры правядзенні рамонтных работ праектнай дакументацыяй прадугледжана захаваць 42 дрэвы, якія тут растуць. Выдаленню належаць 38 дрэў, аднак праектнай дакументацыяй прадугледжаны кампенсацыйныя высадкі: 68 клёнаў і 18 ліпаў. Прыняць удзел у пасадцы дрэў пасля заканчэння работ будзе прапанавана і жыхарам мікрараёна. Што тычыцца колькасці парковачных месцаў, то паводле новых нормаў праектавання іх павінна быць столькі, колькі кватэраў у шматпавярховых дамах.

Кіраўніцтва райвыканкама і Дзятлаўскага РУП ЖКГ – за прыгожае і зялёнае Дзятлава, дык давайце паклапоцімся пра гэта разам. Упэўнены: вынік парадуе.

Святлана, жыхарка дома № 28 па вуліцы Перамогі:

– Я супраць таго, каб высякалі дрэвы. Асабліва шкада дзвюх рабінаў насупраць майго акна. Сама я нядаўна пасадзіла больш за два дзясяткі маладых ліпак. Вельмі хочацца, каб дарослыя дрэвы не секлі ў час рамонту.

Алена, жыхарка дома № 28 па вуліцы Перамогі:

– А я супраць старых дрэваў-забойцаў, пад якімі страшна хадзіць у ветранае надвор’е або выпускаць гуляць дзяцей. Упэўнена, што маладзенькія дрэўцы зробяць наш двор больш прывабным і бяспечным. Непрыемна ўразілі паводзіны некаторых жыхароў, іх калектыўны зварот. Праўда, шэраг заяўнікоў, падпісаных пад ім, сцвярджаюць, што не выказвалі падобнага меркавання або ўвогуле не ведаюць пра свае подпісы. Я – за праўду. Рамонту чакае ўвесь наш пад’езд. Мы сцерпім часовыя нязручнасці, галоўнае, каб двор стаў утульным, а пад’язныя шляхі і пешаходныя дарожкі – добраўпарадкаванымі, бо мы стаміліся ад выбоінаў і лужынаў.

Іван, жыхар дома № 12 па вуліцы Чырвонаармейскай, подпіс якога “знаходзіцца” пад зваротам:

– Нічога я не падпісваў. Жыву ў мікрараёне вельмі даўно. Двор наш стары, патрабуе капітальнага рамонту. Я толькі “за”, каб работы стартавалі хутчэй. Дрэвы ў нас, безумоўна, прыгожыя, але многія амаль аварыйныя. Будзе не горш, калі насаджэнні тут “амаладзяць”.

Іван, жыхар дома № 20 па вуліцы Перамогі:

– Я абураны калектыўным зваротам. Як бачыце, некаторыя, хто ў спісе імён, нават не ведаюць пра гэта. Большасць з нас чакае рамонту. Безумоўна, у нашым двары вузкія дарожкі, адсутнічаюць паркоўкі для аўтамабіляў, а для іх уладкавання неабходна спілоўванне некаторых дрэваў. Мы не супраць. Калі будзем “абмінаць” кожнае з іх, якім будзе праезд? Каму патрэбны няякасны рамонт? Ёсць праект, і мы яго падтрымліваем.

Дзмітрый Лебедзеў, начальнік аддзела Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– Мы прыехалі ў Дзятлава і разгледзелі праектную дакументацыю з наведваннем мікрараёна вуліц Перамогі, Клары Цэткін, Чырвонаармейскай. Даведаліся, якія дрэвы збіраюцца спілоўваць. Варта адзначыць, што некаторыя з іх хворыя. Тым не менш, будзем сачыць, каб пасля рамонту абавязкова з’явіліся кампенсацыйныя пасадкі.

Сваімі ўражаннямі таксама падзяліліся шчаслівыя жыхары нашага раёна, якія ўжо дачакаліся капрамонту свайго двара.

Ларыса Горбач, жыхарка мікрараёна вуліцы Савецкай у Казлоўшчыне:

– Наш дом быў пабудаваны ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, двор і пад’язная дарога даўно патрабавалі рамонту. Летась мы яго дачакаліся. Перад пачаткам работ адбыліся грамадскія слуханні: нам паказалі план, улічылі пажаданні. Безумоўна, калі рамонт распачаўся, былі нязручнасці. Але з раніцы да ночы тут працавалі рабочыя, амаль штодзень наведваўся дырэктар РУП ЖКГ Сяргей Луня, прыязджалі прадстаўнікі раённай улады. Работы скончыліся даволі хутка. Цяпер нас радуюць новы асфальт і паркоўкі, пешаходныя дарожкі і лавачкі, дзіцячую пляцоўку наведвае малеча з суседніх двароў. Нам, пенсіянерам, ёсць дзе пасядзець. Праўда, не перашкодзіла б яшчэ адна альтанка, бо людзей па вуліцы Савецкай жыве шмат.

Пачалася вясна, на газоне зазелянее траўка і дэкаратыўныя кусты, зацвітуць кветкі, якія саджаюць самі жыхары. Асабліва прыгожа ў нас вечарамі, калі запальваюцца новыя ліхтары. Палюбавацца на наш мікрараён прыходзяць жыхары іншых вуліц. У нас не горш, чым у горадзе. Мы любім наш двор і наш пасёлак.

Валерый Купрыяновіч, жыхар мікрараёна вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве:

– Мы вельмі ўдзячны за рамонт дваровых тэрыторый раённаму выканаўчаму камітэту і кіраўніцтву РУП ЖКГ. Літаральна за некалькі месяцаў наш двор поўнасцю памяняў выгляд, стаў утульным і прыгожым. Раней вадзіцелі паркавалі свае машыны на газонах, цяпер у нас выдатныя паркоўкі для аўтамабіляў. Да рамонту па пешаходных дарожках і вуліцы было ні прайсці ні праехаць з-за ямінаў. Цяпер – роўны асфальт і  тратуары з бетоннай пліткі, ля кожнага пад’езда – газоны і лавачкі. З’явіліся тут прыгожыя дзіцячая пляцоўка і альтанка, усталяваны кантэйнеры для смецця, хаця па графіку прыязджае смеццявоз. Жыць у адрамантаваным мікрараёне – адно задавальненне, кожнаму б двару такі рамонт.

Ірына СТЫРНІК