Здароўе чалавека на першым месцы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

30 красавіка ў аграгарадку Вензавец адбылося ўрачыстае адкрыццё фельчарска-акушэрскага пункта.

Пасля рамонту абноўлены будынак медыцынскай установы расхінуў свае дзверы перад шматлікімі гасцямі.

Старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі павіншаваў усіх прысутных з урачыстай падзеяй:

– Фельчарска-акушэрскі пункт з’яўляецца значным аб’ектам для аграгарадка і яго жыхароў, бо ў жыцці няма нічога больш каштоўнага, чым здароўе чалавека. Гэта мы добра засвоілі ва ўмовах пандэміі, якая на працягу года трымала ўсіх у напрузе. На сённяшні дзень дзякуючы прафілактычным мерапрыемствам эпідэміялагічная сітуацыя ў раёне застаецца стабільнай. Нельга не адзначыць неацэнны ўклад нашых медыкаў у барацьбу з распаўсюджаннем інфекцыі – дзякуй ім за іх працу і клопат пра людзей. Усіх сёння хачу павіншаваць з гэтай выдатнай падзеяй, пажадаць моцнага здароўя, міру і дабра.

Ветліва сустракала гасцей загадчыца фельчарска-акушэрскага пункта Валянціна Лябецкая, якая прысвяціла медыцыне 50 гадоў свайго жыцця. Напярэдадні Свята працы Андрэй Уладзіміравіч уручыў Валянціне Мікалаеўне Ганаровую грамату, пажадаў жанчыне яшчэ шмат гадоў заставацца ў прафесіі і дапамагаць людзям. Прыемна і тое, што медык са стажам падрыхтавала сабе маладую змену: зусім хутка загадчыцай ФАПа стане яе ўнучка Надзея Салаш.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч далучыўся да віншавання і, карыстаючыся ўрачыстым момантам, уручыў медработнікам райбальніцы Алене Лаўрэнцьевай, Кацярыне Фокінай і Анастасіі Шалеснай памятныя падарункі ад Белай Русі.

Затым усіх прысутных запрасілі на невялікую экскурсію па абноўленым ФАПе ва ўтульныя і прасторныя кабінеты з новай мэбляй і медыцынскім абсталяваннем.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: