Дзятлаўшчына далучылася да добраахвотнай праграмы вакцынацыі грамадзян ад каранавіруснай інфекцыі COVID-19 Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Вакцынацыя ўжо вядзецца сярод медыкаў, педагогаў і пацыентаў закрытых медыцынскіх установаў. На ўсе хвалюючыя пытанні аб прышчэпках супраць каранавірусу адказала выконваючая абавязкі намесніка галоўнага доктара Дзятлаўскай ЦРБ Таццяна Свіб.
– Якім чынам можна прайсці вакцынацыю супраць COVID-19?
– Для запісу на вакцынацыю трэба звярнуцца ў рэгістратуру Дзятлаўскай ЦРБ, да ўчастковага тэрапеўта або патэлефанаваць у кол-цэнтр па нумарах 6-49-60, 6-49-55, або пакінуць заяўку анлайн. Затым прыйсці ў пункт вакцынацыі (не забыцца ўзяць дакумент, які сведчыць асобу). Па завяршэнні вы атрымаеце даведку аб праходжанні вакцынацыі.
– Як праходзіць сама вакцынацыя?
– Пачынаецца яна з медыцынскага агляду пацыента, апытання на наяўнасць скаргаў. Правяраецца наяўнасць і адсутнасць супрацьпаказанняў. Агляд уключае ў сябе вымярэнне тэмпературы, сатурацыі, ціску і пульса, а таксама праслухоўванне сэрца і лёгкіх. Пасля гэтага медыцынскі работнік праводзіць падрыхтоўку прэпарата і робіць прышчэпку. З паўгадзіны вам трэба пабыць у пункце вакцынацыі пад наглядам спецыялістаў. На другі этап вас запішуць адразу пасля вакцынацыі першым кампанентам.
– Якой вакцынай робяцца прышчэпкі?
– “Спадарожнік V” (Гам-Кавід-Вак) – першая ў свеце зарэгістраваная вакцына на аснове платформы вектара адэнавіруса чалавека. Яна ўваходзіць у дзясятку лепшых вакцын-кандыдатаў у спісе Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. Вакцынацыю «Спадарожнікам V» праводзяць у два этапы: спачатку ў мышцу ўводзяць першы кампанент у дозе 0,5 мл, на 21-ы дзень пасля гэтага ўводзяць другі кампанент у такой жа дозе. Эфектыўнасць вакцыны «Спадарожнік V» супраць цяжкіх выпадкаў захворвання каранавіруснай інфекцыяй складае 100 %.
– Ці праўда, што прышчэпка – самы надзейны сродак ад віруса?
– Шматлікія медыцынскія даследаванні даказалі, што лепшай абаронай ад інфекцыйных захворванняў з’яўляецца вакцынацыя. Яна дазваляе стварыць натуральны імунітэт да вызначанага ўзбуджальніка, што прадухіляе развіццё захворвання і яго ўскладненняў.
– Ці патрэбна вакцынацыя, калі раней хварэлі на COVID-19 або захварэлі нядаўна?
– Вакцынацыя не рэкамендавана тым, хто перанёс COVID-19 на працягу апошніх 3 месяцаў. Вакцына прызначана для прафілактыкі захворвання. Калі цяпер у вас назіраюцца сімптомы COVID-19, то рабіць прышчэпку нельга.
– Ці можна вакцынавацца, калі вы нядаўна перанеслі грып або вострую рэспіраторную вірусную інфекцыю?
– Вакцынацыя не рэкамендавана, калі вы перанеслі грып або ВРВІ на працягу апошніх двух тыдняў. Варта пачакаць мінімум два тыдні пасля выздараўлення і пракансультавацца з доктарам.
– Ці можна вакцынавацца тым, хто зрабіў прышчэпку ад грыпу? Ці абараняе прышчэпка ад каранавірусу таксама і ад грыпу?
– Вакцынацыя ад каранавірусу дазволена праз 30 дзён пасля правядзення любых іншых прышчэпак. Пры гэтым яна не абараняе ад грыпу, таму рэкамендуецца зрабіць абедзве прышчэпкі.
– Ці можна рабіць прышчэпку цяжарным і дзецям?
– На бягучы момант вакцынацыя цяжарных жанчын не праводзіцца. У рамках дадзенага этапу вакцынацыя ад каранавірусу прызначана толькі людзям, якія дасягнулі 18 гадоў.
– Каму вакцынацыя ад COVID-19 супрацьпаказана?
Вакцынацыя супрацьпаказана, калі маецца гіперадчувальнасць да якога-небудзь кампанента вакцыны, ёсць цяжкія алергічныя рэакцыі ў анамнезе, вострыя інфекцыйныя і неінфекцыйныя захворванні, пры абвастрэнні хранічных захворванняў (вакцынацыю праводзяць праз 2-4 тыдні пасля выздараўлення або рэмісіі), пры хранічных сістэмных інфекцыях, туберкулёзе, новаўтварэннях, гепатытах В і С, сіфілісе, ВІЧ. Таксама нельга прышчапляцца ад каранавірусу, калі ў наступныя тры месяцы вы плануеце зачаць дзіця.
– Ці рэкамендавана вакцынацыя анкалагічным пацыентам?
Пацыентам, якія хварэюць на рак, таксама неабходна вакцынацыя і абарона ад каранавірусу. Аднак у кожным канкрэтным выпадку неабходна звяртацца да доктара, які зможа даць рэкамендацыі з улікам стану пацыента, этапу лячэння і іншых фактараў.
– Якія пабочныя эфекты ў вакцыны?
– Любая вакцына можа даць ускладненне або непажаданыя рэакцыі: дрыжыкі, павышэнне тэмпературы цела, болі ў суставах, у мышцах, павышаную стамляльнасць, агульнае недамаганне, галаўны боль, балючасць у месцы ін’екцыі, ацёчнасць. Радзей – млоснасць, зніжэнне апетыту, часам – павелічэнне лімфавузлоў. Магчыма развіццё алергічных рэакцый. На працягу трох дзён пасля вакцынацыі рэкамендуецца не мачыць месца ін’екцыі, не наведваць саўну, лазню, не прымаць алкаголь, пазбягаць празмерных фізічных нагрузак. Пры пачырваненні, ацёчнасці, балючасці месца вакцынацыі варта прыняць болесуцішальныя сродкі. Пры павышэнні тэмпературы цела пасля вакцынацыі – нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі.
– Ці выдаецца пасведчанне аб праходжанні вакцынацыі?
Пасля першай прышчэпкі ўсім пацыентам будзе прадастаўляцца стандартная даведка аб вакцынацыі, якая дзейнічае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.
Гэтую даведку таксама неабходна мець пры сабе пры атрыманні другой прышчэпкі.
– Як паводзіць сябе пасля вакцынацыі?
Пасля прышчэпкі вы можаце весці звычайны лад жыцця: выконваць рэжым самаізаляцыі не патрабуецца. Аднак не варта забываць аб агульных актуальных мерах засцярогі – захоўваць сацыяльную дыстанцыю і масачны рэжым у грамадскіх месцах; часцей мыць рукі і апрацоўваць іх антысептычнымі сродкамі па меры неабходнасці.
Наталля АВЯРЧУК