Каталікі адсвяткавалі Нараджэнне Хрыстова (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

25 снежня ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дзятлаўчане і госці горада сабраліся на Святую Імшу.

Напачатку ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных.

– Гэта радасны дзень, свята веры, дабра, любові і надзеі. Сардэчна віншую ўсіх са святам Божага Нараджэння. Няхай Божы Сын, які нараджаецца ў нашых сэрцах, узмацняе і нясе радасць усім людзям добрай волі.

Незвычайнае віншаванне падрыхтавалі дзеці, яны паказалі сцэнку. Гэта была не проста тэатральная пастаноўка, а цэлае прадстаўленне – музычнае, паэтычнае, песеннае. Перад прысутнымі паўсталі тыя  дні, калі нарадзіўся Хрыстос. Усе адчулі асаблівае хваляванне, калі пачулі плач народжанага Пана Езуса.

Першымі, хто даведаўся аб нараджэнні Сына Бога, былі пастушкі, да іх з’явіўся анёл і прынёс добрую вестк. Каралям жа было абвешчана аб гэтай радаснай падзеі  яркай зоркай, якая ўзышла над Віфлеемам.  Яны падышлі да немаўляці і прынеслі дары.

Сястра Караліна прачытала віншаванне на свята Божага Нараджэння і Новы год ад імя  біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сёння сабраўся ў такі важны дзень.

Вольга ЮШКЕВІЧ