У рамках рэспубліканскага спартыўна-патрыятычнага праекта “За моцную Беларусь” на Дзятлаўшчыну завітаў намеснік старшыні савета асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС Рэспублікі Беларусь “Гонар”, падпалкоўнік спецпадраздзяленняў унутраных войскаў Сяргей Заслаўскі.
Сустрэча прайшла ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.
На яе запрасілі вучняў 10 і 11 класаў гарадскіх школ.
Вядучая і прэс-сакратар асацыяцыі Ганна Лучко расказала, што праект “За моцную Беларусь” накіраваны на прапаганду здаровага ладу жыцця, матываванне насельніцтва краіны часцей займацца спортам, прафілактыку асацыяльных паводзін, прыцягненне моладзі да актыўнага ўдзелу ў спартыўна-аздараўленчых мерапрыемствах і адцягнення яе ад анархісцкіх ідэй, супрацьдзеянне ўключэнню моладзі ў дэструктыўныя апазіцыйныя структуры.
Сяргей Заслаўскі – спартсмен, добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце. Ён з’яўляецца чатырохкратным чэмпіёнам свету ў сілавых відах спорту па версіі Кнігі рэкордаў Гінеса, а таксама майстрам спорту міжнароднага класа па паўэрліфцінгу і афіцыйным прадстаўніком стрытліфцінгу ў Беларусі. У вольны ад трэніровак час, ён займаецца музыкай, з’яўляецца дыджэем і кампазітарам у жанры “тэхна”.
У ходзе сустрэчы спартсмен расказаў пра сябе, прадэманстраваў практыкаванні з гірамі, пагутарыў са старшакласнікамі і зладзіў спаборніцтвы па адцісканнях на кулаках сярод жадаючых.
Напрыканцы мерапрыемства гасцям прапанавалі зрабіць сумеснае фота на памяць.
Марыя ПАПОВА