На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца моладзевая патрыятычная акцыя “Захаваем памяць на стагоддзі”, скіраваная на навядзенне парадку на воінскіх пахаваннях і каля помнікаў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, аказанне дапамогі ветэранам і працаўнікам тылу, захаванне культурна-гістарычных традыцый.
20 красавіка валанцёры і актывісты ГА “БРСМ” гімназіі № 1 горада Дзятлава з намесніцай дырэктара па выхаваўчай рабоце Інай Ванчук і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык навялі парадак у парку вёскі Апаліна-Басіна каля помніка 31 земляку, загінуламу ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
– Праз два з паловай тыдні будзем святкаваць Дзень Перамогі, гэта значыць, неабходна актывізаваць работу па навядзенні парадку каля памятных месцаў раёна, – адзначыла моладзевы лідар Кацярына Хілімончык. –У парку вёскі Апаліна-Басіна вялікі аб’ём работ быў выкананы сіламі Дзятлаўскага сельсавета. Нам з гімназістамі засталося падграбці і вынесці леташняе лісце, падмесці дарожкі каля помніка. Сумесная праца на свежым паветры і ўдзел у акцыі “Захаваем памяць на стагоддзі” дапамагаюць усім нам стаць больш згуртаванымі, што немалаважна ў Год народнага адзінства, і спрыяюць далучэнню юнакоў і дзяўчат да культурна-гістарычных традыцый нашага народа.
Уражаннямі ад удзелу ў мерапрыемстве падзяліліся і самі гімназісты.
Аляксандр Гуговіч:
– Падобныя мерапрыемствы, я лічу, карысныя для моладзі. Нашы загінулыя землякі і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны не шкадавалі сябе, каб сёння мы жылі пад мірным небам Беларусі і не чулі выбухаў снарадаў. Самае малое, што мы можам зрабіць як знак ўдзячнасці ваеннаму пакаленню, – гэта ўтрымліваць памятныя месцы ў чысціні, шанаваць і помніць подзвігі продкаў.
Дар’я Стракоўская:
– Для ўсіх нас важна, каб памятныя месцы падтрымліваліся ў належным стане. Маладое пакаленне і дарослыя павінны прыходзіць да іх, каб ведаць гістарычную праўду пра вайну і подзвігі продкаў. Такія акцыі, як “Захаваем памяць на стагоддзі”, маюць патрыятычную скіраванасць, яны станоўча ўплываюць на фарміраванне светапогляду і меркаванняў моладзі.
Ірына СТЫРНІК