Побач з храмам у Наваельні з’явілася новая алея

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Праз некалькі тыдняў праваслаўныя вернікі сустрэнуць Уваскрэсенне Хрыстова.

Сімвалічна, што напярэдадні гэтай важнай падзеі побач з храмам Прасвятой Багародзіцы ў Наваельні з’явілася свая кляновая алея.

Яе заклалі ў час акцыі “Пасадзі сваё дрэва”, якая прайшла ў межах рэспубліканскага “Тыдня лесу”, супрацоўнікі райвыканкама і дзяржаўных службаў раёна. Не першы год разам з дзятлаўчанамі садзіць дрэвы і старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, які расказаў пра ход мерапрыемства і задумкі па азеляненні раёна:

– Невыпадкова мы сёння працуем у Наваельні. Распрацаваны генеральны план забудовы пасёлка, згодна з якім у наваколлі мясцовага праваслаўнага храма з’явіцца зялёная зона. Першым крокам да рэалізацыі праекта стала алея, якую мы заклалі. У бліжэйшых планах – правесці конкурс на лепшы праект па азеляненні тэрыторыі пасёлка і прадоўжыць работы. За час акцыі алеі з’явіліся таксама ў Казлоўшчыне і ў Дзятлаве.

– Дэвіз сёлетняга “Тыдня лесу” – “Пасадзі сваё дрэва”. Ці многа дрэваў ужо пасаджана на Дзятлаўшчыне?

– Сапраўды, ужо нямала. Роўна год таму ў час “Тыдня лесу” мы разам са спецыялістамі райвыканкама садзілі дрэвы каля Падвялікага. Калі езджу ў тыя мясціны па рабочых справах, цікаўлюся, як прыжыліся нашы дрэўцы. Хочацца пакінуць свой след тут, на Дзятлаўшчыне.

– Як вы лічыце, чаму, сёлетні “Тыдзень лесу” прымеркаваны да Года народнага адзінства?

– Асаблівымі рысамі характару беларусаў з’яўляюцца талерантнасць і працавітасць. У час удзелу ў акцыях па пасадцы дрэваў прадстаўнікі розных працоўных калектываў раёна аб’ядноўваюцца, каб зрабіць добрую справу, уклад у будучыню. Здаўна было прынята ўсе вялікія, важныя справы рабіць талакой, і мы прадаўжаем гэту добрую традыцыю продкаў. Такія мерапрыемствы, як сённяшняе, яшчэ раз даказваюць прапісную ісціну: толькі разам мы моцныя.

– Што яшчэ будзе зроблена на Дзятлаўшчыне талакой?

– Прадаўжаецца раённы месячнік па санітарнай ачыстцы і ўборцы тэрыторый горада Дзятлава, гарадскіх пасёлкаў і сельскіх населеных пунктаў, да якога далучылася кожная арганізацыя. Пачалася пасяўная, напярэдадні якой работнікі арганізацый раёна дапамагалі аграрыям прыбраць палеткі ад камення. Наперадзе – рэспубліканскі суботнік, у час якога ўсе жыхары Дзятлаўшчыны папрацуюць на добраўпарадкаванні сваіх родных мясцінаў.

– Андрэй Уладзіміравіч, а ці ёсць у вас свой сад?

– Не так даўно мне давялося пераехаць, таму сад побач з уласным домам толькі пачынаю закладваць. Імкнуся кожны год садзіць па некалькі пладовых дрэваў. Не раз, ідучы па Дзятлаве ў рыначны дзень, бачу, як пажылыя людзі нясуць дадому набытыя саджанцы, каб пасадзіць для сваіх дзяцей і ўнукаў. Самі не ведаючы, колькі ім яшчэ адмерана на гэтай зямлі, яны імкнуцца пакінуць сваю спадчыну для нашчадкаў. Усім нам варта браць прыклад з такіх людзей, думаючы не толькі пра сябе, але і пра будучыя пакаленні.

Як адзначыла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец, у пасёлку актыўна праходзяць мерапрыемствы па навядзенні парадку, да якіх далучыліся ўсе мясцовыя жыхары. Да свята Вялікай Перамогі будуць упарадкаваны два помнікі героям Вялікай Айчыннай вайны, якія знаходзяцца на тэрыторыі сельскага савета.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: