Першыя пяцьдзясят

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Стала добрай традыцыяй райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу віншаваць з юбілейнымі святамі старанных працаўнікоў, занятых у сельскай гаспадарцы.

50-гадовы юбілей адзначыла брыгадзір у жывёлагадоўлі малочнатаварнай фермы “Палонка” КСУП “Дварэц-Агра” Тамара Ёдзік.

Прыемная сустрэча з нагоды святкавання юбілейнай даты адбылася на працоўным месцы жанчыны.

Павіншаваць юбілярку з адметнай падзеяй у жыцці прыехалі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Васіль Гранкоўскі, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Святлана Сідорчык. Яны пажадалі жанчыне моцнага здароўя, падзякавалі за добрасумленную працу, адказнае стаўленне да справы і ўручылі ад райкама прафсаюза работнікаў АПК Падзячны ліст і падарунак.

Працоўны стаж Тамары Антонаўны ў сельскай гаспадарцы складае больш за 20 гадоў. З работай калгасніка юбілярка была знаёма з дзяцінства, таму выбар прафесіі для яе не быў выпадковым. Бацькі жанчыны ўсё жыццё працавалі ў гэтай жа гаспадарцы: маці – на ферме, бацька – вадзіцелем. Працавітасць і адказнасць Тамара Антонаўна  пераняла менавіта ў іх.

Брыгадзірам у жывёлагадоўлі Тамара Ёдзік працуе не першы год. Паспяховай рабоце ў многім спрыяюць цёплыя ўзаемаадносіны, створаныя ў калектыве.  У гэтым ёсць заслуга і самой юбіляркі: дзякуючы яе намаганням, умеламу і разумнаму падыходу да работы, на ферме добрыя паказчыкі па вытворчасці малака. Поплеч з жанчынай працуе і яе нявестка.
Жыццёвы шлях Тамары Антонаўны – гэта прыклад бязмежнай адданасці сям’і, абранай справе і рабоце.

– Прафесія жывёлавода не з лёгкіх, дасягненні і перамогі не прыходзяць самі, а заваёўваюцца стараннем і сумленнем чалавека, – лічыць Тамара Ёдзік.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga