Рыбаловы, будзьце асцярожныя!

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Нягледзячы на работу па папярэджанні і прафілактыцы электратраўматызму, якую праводзяць органы Дзяржэнерганагляду, усё роўна адбываюцца выпадкі траўмавання людзей электрычным токам пры лоўлі рыбы на берагах рэк і вадаёмаў у ахоўных зонах паветраных ліній электраперадач.

Сучасныя вудзільны вырабляюць з матэрыялу, які ўтрымлівае графіта-вугальныя рэчывы. Яны з’яўляюцца праваднікамі электрычнага току. Трагедыя можа здарыцца, нават калі вудачка не дакранецца да правадоў, а проста наблізіцца да іх на малую адлегласць. Рыбалоў можа атрымаць апёкі або нават загінуць.

Апошні няшчасны выпадак са смяротным зыходам адбыўся ў кастрычніку 2018 года з жыхаром населенага пункта Старобін Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Мужчына лавіў рыбу прыкладна за 18-20 метраў ад месца перасячэння з ВЛ 110 кВ. Затым вырашыў памяняць месца размяшчэння. Калі ішоў з раскладзеным вуглепластыкавым вудзільнам уздоўж ракі, дакрануўся ім да паветранай лініі электраперадач. У выніку ён быў смяротна траўмаваны электрычным токам.

Паважаныя рыбаловы, будзьце вельмі ўважлівыя і асцярожныя, калі ловіце рыбу паблізу паветраных ліній электраперадач.

Валянцін КАСЦЮКЕВІЧ,
інспектар Дзятлаўскай раённай энергаінспекцыі