“Накатаў” – плаці

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У лютым 2021 года па матэрыялах праверкі фінансавай міліцыі ўзбуджана крымінальная справа ў дачыненні да загадчыка гаража аднаго з камунальных прадпрыемстваў.

У час праведзенай праверкі стала вядома, што ўказаны грамадзянін з’яўляўся жыхаром другога раёна і фактычна кожны дзень прыязджаў на месца работы, выкарыстоўваючы свой уласны аўтамабіль. Негледзячы на тое, што характар яго працы і пасада не прадугледжвалі пастаянных раз’ездаў або камандзіровак, а на прадпрыемстве мелася дастатковая колькасць службовага аўтатранспарту, загадчык гаража “дамовіўся” з кіраўніком прадпрыемства аб заключэнні дагавора на выкарыстанне ў службовых мэтах асабістага аўтамабіля і запраўцы яго палівам за казённы рахунак.

Праз некалькі месяцаў бухгалтар прадпрыемства зрабіла аналіз пуцявых лістоў на аўтамабіль, з якіх стала вядома, што асноўную частку паездак на асабістым аўтамабілі загадчык гаража ажыццяўляе не па службовых справах, а з дому і назад, “накатваючы” кожны працоўны дзень прыкладна па 80-100 км. У выніку загадчык гаража вярнуў у касу прадпрыемства за неабгрунтавана выкарыстанае паліва каля 530 рублёў.

У тым жа месяцы паміж дырэктарам прадпрыемства і загадчыкам гаража быў заключаны новы дагавор аналагічнага зместу. Аднак у пуцявых лістах, як і першы раз, паездкі дадому ўжо не адлюстроўваліся, а ўвесь кіламетраж спісваўся на паездкі па раёне. На самой справе, загадчык гаража кожны працоўны дзень ездзіў з дому на работу і назад, працягваючы выкарыстоўваць паліва дзяржаўнай арганізацыі, адначасова дастаўляючы да месца жыхарства і іншых іншагародніх работнікаў, сярод якіх быў і кіраўнік прадпрыемства.

У выніку гэтых дзеянняў прадпрыемству нанесены ўрон у выглядзе незаконнага выкарыстання каля 1230 літраў дызельнага паліва на суму 2200 рублёў, якія “знаходліваму” загадчыку гаража прыйдзецца аплаціць у поўным аб’ёме.

Сяргей ТУПТАЛА,
начальнік Слонімскага міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў