Калі прафсаюз – праца, а не канцэпцыя

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Дзятлаўская раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК прызнана пераможцай у намінацыі “Лепшая раённая прафсаюзная арганізацыя” па Гродзенскай вобласці.

На II Пленуме Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыня раённай арганізацыі Уладзімір Казак атрымаў дыплом і пасведчанне аб занясенні на Рэспубліканскую дошку Гонару.

– Уладзімір Фёдаравіч, па якіх крытэрыях вызначалі лепшых?

– Вынікі конкурсу падводзіліся па мностве крытэрыяў, якія ахопліваюць увесь спектр прафсаюзнай работы, ад ажыццяўлення грамадскага кантролю, урэгулявання працоўных адносін да ўдасканалення і ўмацавання сацыяльнага партнёрства праз сістэму пагадненняў і калектыўных дагавораў.

Таму гэта высокая ўзнагарода – вынік сумеснай работы прафсаюзнага актыву, выканаўчых органаў улады і наймальнікаў нашага раёна, бо мэты і задачы ў нас агульныя – павышэнне жыццёвага ўзроўню і матэрыяльнага дабрабыту работнікаў, забеспячэнне права на працу і годнае ўзнагароджанне за яе.

– Якім чынам матывуеце людзей да працы ў сельскай гаспадарцы?

– Ні для каго не з’яўляецца сакрэтам, што цяпер сельскагаспадарчыя арганізацыі адчуваюць недахоп у кваліфікаванай рабочай сіле: спецыялістах-тэхнолагах, механізатарах, вадзіцелях, аператарах машыннага даення, жывёлаводах. Таму разам з выкананнем асноўнай функцыі прафсаюза – абароны працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза – лічу вельмі важным максімальнае садзейнічанне наймальнікам у павышэнні прэстыжу і прывабнасці аграрных прафесій, матывацыю людзей да працы з дапамогай стварэння камфортнага вытворчага асяроддзя, укаранення працоўнага суперніцтва, маральнага і матэрыяльнага стымулявання працы, арганізацыі вольнага часу і аздараўлення работнікаў і членаў іх сем’яў.

– Раскажыце пра фінансавую падтрымку членаў прафсаюза.

– На працягу 2020 года прафсаюзнымі органамі раённага ўзроўню ўзнагароджана па розных падставах больш за 250 чалавек на агульную суму каля 10,5 тысячы рублёў, са сродкаў прафсаюзных бюджэтаў раённага камітэта і прафсаюзных арганізацый аказана матэрыяльная дапамога 468 членам прафсаюза, якія апынуліся ў складаных жыццёвых сітуацыях, на агульную суму 23,4 тысячы рублёў.

– Чым заняты сёння прафсаюз АПК?

– Адным з галоўных напрамкаў работы прафсаюза па-ранейшаму застаюцца садзейнічанне ахове здароўя, стварэнне здаровых і бяспечных умоў працы, аказанне прававой дапамогі членам прафсаюза ва ўрэгуляванні спрэчных працоўных канфліктаў. Рэгулярна, самастойна і сумесна са спецыялістамі службаў упраўлення па працы райвыканкама і аховы працы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання праводзяцца маніторынгі. Карысць гэтых мерапрыемстваў відавочная – прафілактыка вытворчага траўматызму і прафесійных захворванняў, аказанне метадычнай і кансультатыўнай дапамогі на месцах.

На працягу 2020 года было праведзена 35 мерапрыемстваў па грамадскім кантролі, у тым ліку 24 у форме маніторынгаў і 11 у форме ўдзелу ў працы калегіяльных органаў, разгледжана 79 зваротаў грамадзян па розных пытаннях.

– Чаго пажадаеце аднадумцам па прафсаюзе?

– Хачу выказаць вялікую падзяку старшыням прафсаюзных камітэтаў за плённую работу на карысць сваіх працоўных калектываў.

Дзякую нашым сацыяльным партнёрам: Дзятлаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту, упраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, кіраўнікам і спецыялістам прадпрыемстваў і арганізацый АПК Дзятлаўскага раёна за сумесную работу па дасягненні разумнага балансу інтарэсаў наймальніка і работніка.

Вольга ЮШКЕВІЧ

Фота прадастаўлена Дзятлаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыяй работнікаў АПК