Калектыўны імунітэт – ці рэальна?

Грамадства Свежыя навіны

Каранавірус не знікне сам.

Чым хутчэй мы гэта зразумеем, тым эфектыўней зможам супрацьстаяць пандэміі і вярнуцца да нармальнага жыцця. Медыкі на гэты конт адзінадушныя: толькі стварэнне калектыўнага імунітэту праз прышчэпкі ад COVID-19 можа стабілізаваць сітуацыю.

Каму найперш варта прышчапіцца ад каранавірусу, ці шмат добраахвотнікаў і наколькі гэта працэдура бяспечная, абмяркоўваем з галоўным доктарам раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Аленай Шайбак.

Што трэба ведаць аб вакцынацыі супраць інфекцыі COVID-19?

– Алена Вячаславаўна, чаму вакцынацыя патрэбна?

– Эксперты ўпэўненыя, што правядзенне вакцынацыі не менш за 70 % насельніцтва дазволіць стварыць калектыўны імунітэт і перамагчы пандэмію COVID-19.

– Каму трэба прышчапіцца найперш?

– У першую чаргу вакцынацыі падлягаюць медыцынскія, фармацэўтычныя і сацыяльныя работнікі, асобы старэйшыя за 18 гадоў, якія жывуць ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання, а таксама ўсе асобы, старэйшыя за 61 год, людзі з хранічнымі захворваннямі.

– Якой вакцынай праводзяцца прышчэпкі? Ці ёсць рызыка захварэць ад яе?

– Цяпер выкарыстоўваецца расійская вакцына “Гам-Кавід-Вак” (гандлёвая марка “Спадарожнік V”). Прэпарат даказаў сваю эфектыўнасць і бяспеку: важна разумець, што вакцыны не ўтрымліваюць вірус, таму ад іх немагчыма заразіцца.

– Калі вакцына пачынае дзейнічаць?

– Для таго, каб устойлівы імунітэт сфарміраваўся, павінна прайсці 3-4 тыдні пасля другой вакцынацыі. Па актуальных даных, прагнозны імунітэт складае да 2-х гадоў.

– Вы самі прышчапіліся ад каранавірусу?

– Так, першы кампанент вакцыны я атрымала ў сакавіку, на гэтым тыдні – другі. Адчуваю сябе добра, тэмпература не павышалася, ніякіх сімптомаў прастудных захворванняў ці недамагання я не адчула.

– Чаму рашыліся на прышчэпку?

– Я сама бачыла, як цяжка некаторыя людзі пераносяць захворванне на COVID-19, не хацелася б самой так пакутаваць.

– Што параіце нашым чытачам?

– Тым, хто яшчэ не прышчапіўся, зрабіць гэта, а астатнім – памятаць, што нават калі вы не маеце рызыкі захварэць на каранавірус, то ўсё адно патэнцыяльна можаце стаць яго пераносчыкам. Не грэбуйце індывідуальнымі сродкамі абароны.

На сёння ў раёне першым кампанентам расійскай вакцыны прышчэплена ад каранавірусу 515 чалавек, першым і другім кампанентам – 150 чалавек. “Першапраходцы”, якія ўжо атрымалі два кампаненты вакцыны, а таксама тыя, хто толькі збіраецца прышчапіцца, падзяліліся сваімі матывамі і адчуваннямі.

Алег Урбановіч, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама:

– Я вырашыў прышчапіцца для сябе, для ўласнага здароўя, каб выключыць рызыку заражэння сваіх блізкіх (мае бацькі абое на пенсіі).

– Колькі кампанентаў вакцыны вы атрымалі і як пераносілі яе?

– Пасля першай прышчэпкі ў мяне паднялася высокая тэмпература, якая трымалася роўна суткі, а затым здароўе вярнулася ў норму. Увядзенне другога кампанента не выклікала ў мяне ніякіх непрыемных рэакцый.

– Ці прышчапляліся сёлета ад грыпу?

– Прышчэпку ад грыпу я зрабіў яшчэ восенню ў час прышчэпкавай кампаніі, перанёс нармальна. Лічу, што адна мера прафілактыкі не выключае другую.

– Як цяпер сябе адчуваеце і што можаце параіць тым, што яшчэ не наважыўся прышчапіцца ад каранавірусу?

– Самаадчуванне нармальнае, як заўжды. Раю ўсім, хто яшчэ вагаецца наконт прышчэпкі ад COVID-19, прыслухацца да парадаў медыкаў.

Георгій Бойка, вадзіцель рэдакцыі газеты “Перамога”:

– Я яшчэ не прышчапіўся, але збіраюся гэта зрабіць, як толькі запросяць у паліклініку.

– Што “падштурхнула” вас да такога рашэння?

– Да ўсведамлення, што прышчапіцца ад каранавірусу трэба, прывяла ўласная хвароба. Не так даўно я перанёс прастуднае захворванне, адчуў, як цяжка, калі не хапае паветра і не можаш нармальна дыхаць. Не хачу паўтарэння такога, бо чытаў, што паўторна захворванне працякае больш складана, тым больш у маім узросце рызыкі. Чытаў у навінах, што Ізраіль цалкам завяршае вакцынацыю, наступны крок – адкрыццё межаў і аднаўленне нармальнага функцыянавання інфраструктуры. Я таксама хачу, каб у нашай краіне сфармаваўся калектыўны імунітэт, а мы вярнуліся да звыклага жыцця без лішніх перасцярогаў.

– Ці давяраеце вы расійскай вакцыне?

– Давяраю. Мне падаецца, што ўвесь негатыў, накручаны вакол гэтай тэмы, ідзе ад канкурэнтаў расійскіх вытворцаў. Тым больш, разам з Беларуссю ўжо 60 краін набылі вакцыну.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

 



Теги: