Набліжаецца 35-я гадавіна з дня аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Сярод нашых землякоў таксама ёсць тыя, хто стаў ліквідатарам яе наступстваў.
Гэта Віктар Каско, які ў красавіку адзначыў свой 60-гадовы юбілей.
Нарадзіўся Віктар Аляксандравіч ў вёсцы Норцавічы Дзятлаўскага раёна. Пасля заканчэння тэхнікума пайшоў служыць у армію. Службу праходзіў на Урале.
‒ На працу ў міліцыю прыйшоў ужо пасля па лініі камсамола ‒ ды так там і застаўся, ‒ успамінае Віктар Каско. ‒ Калі мяне адправілі на службу ў Чарнобыль, я быў звычайным сяржантам аддзялення аховы. Адмовіцца, вядома, нельга, загад ёсць загад. Пакінуў жонку з маленькім дзіцём і паехаў.
Асноўная служба праходзіла ў вёсцы Бабчын, але, акрамя яе, патрулявалі і іншыя. Правяралі, ці не засталося людзей, забівалі, калі трэба, дзверы і вокны, лавілі марадзёраў. Вобраз вёскі, дзе ёсць усё, акрамя людзей, ‒ рэчы, транспарт і нават жывёлы ‒ застанецца ў памяці на доўгія гады. На адным з падворкаў мы знайшлі матацыкл. Лодкі і катары на рэчках таксама не былі рэдкасцю, як і тэлевізары (і іншая тэхніка) у дамах. Людзям давялося сысці настолькі нечакана, што забраць што-небудзь з сабой не было часу. Не кажучы ўжо пра тое, што рэчы маглі быць атручаны радыяцыяй.
Людзей у чарнобыльскай міліцыі было многа ‒ не менш за сотню прыехала толькі з Гродзенскай вобласці. Жылі ў мясцовай школе, працавалі па 12 гадзін кожны дзень на працягу месяца. У адной з вёсак ім сустрэлася пажылая сямейная пара. Эвакуіравацца адмовіліся: не жадалі пакінуць нажытае.
‒ Хадзілі да іх да самага ад’езду: то ежай падзяліцца, то па гаспадарцы дапамагчы. А куды дзявацца? Людзям трэба дапамагаць, ‒ расказвае Віктар Аляксандравіч.
Пасля вяртання ў Дзятлава Віктар Каско быў спачатку памочнікам дзяжурнага, затым ‒ участковым інспектарам і начальнікам ізалятара часовага ўтрымання, а ў снежні 2007 года выйшаў на пенсію ў званні маёра. Працаваць, аднак, не перастаў і цяпер працуе ў бальніцы вартаўніком. Мае шэраг узнагарод за бездакорную службу, за ахову грамадскага парадку, да 100-годдзя беларускай міліцыі, за ўдзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, у 90-х Віктар Каско быў старшынёй асацыяцыі дзятлаўскай арганізацыі “Шчыт Чарнобыля”, якая наведвала ліквідатараў аварыі на ЧАЭС, аказвала матэрыяльную падтрымку, давала штогадовыя пуцёўкі ў санаторыі.
Хацелася б, каб людзі не забывалі пра тых, хто рызыкаваў здароўем і жыццём, выконваючы свой абавязак. Яны аддалі ўсё, каб жылі іншыя, ‒ адзначыў Віктар Аляксандравіч.
Марыя ПАПОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga