Абмеркавалі работу па папярэджанні пажараў

Галоўнае Улада

12 красавіка прайшло пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

Разгледжана пытанне аб прымаемых у раёне мерах, скіраваных на папярэджанне пажараў і траўматызму людзей пры іх узнікненні.

Пасяджэнню папярэднічаў выезд у раён абласной рабочай групы з удзелам супрацоўніка пракуратуры Гродзенскай вобласці пасля пажару з гібеллю двух чалавек у аграгарадку Таркачы. Вынесена прадстаўленне пракуратуры.

– Папярэдняя прычына трагедыі – неасцярожнае абыходжанне з агнём, – адзначыў начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык. – За месяц да пажару домаўладанне загінулага гаспадара наведала аглядавая камісія. Члены камісіі папярэджвалі мужчыну аб недапушчэнні курэння ў ложку, аднак прафілактычная работа не дала чаканага выніку.

Як выявіла праверка, аглядавая камісія, якая працуе пры Данілавіцкім сельвыканкаме, не ў поўным аб’ёме праверыла домаўладанні жыхароў сельсавета з розных катэгорый рызыкі. У асобных выпадках праверкі ажыццяўляліся неналежным чынам, удзел у іх прымалі не ўсе члены камісіі.

На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца і ведамаснае жыллё ААТ “Граніт-Агра”. У гаспадарцы створана і працуе камісія па аглядзе такога жылля. Аднак праверка паказала, што спецыялісты, якія ўваходзяць у яе склад, некампетэнтныя ў пытаннях супрацьпажарнай бяспекі і забеспячэння жыццядзейнасці, што ўплывае на якасць работы камісіі. Сельгаспрадпрыемству належыць стварыць больш эфектыўны алгарытм дзеянняў у гэтым кірунку.

Як сведчыць статыстыка, суб’ектамі прафілактыкі раёна недастаткова выкарыстоўваецца і такая мера папярэджання надзвычайных здарэнняў, як прыцягненне грамадзян да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў супрацьпажарнай бяспекі.

Летась у жылым сектары адбыўся 21 пажар, загінула 2 чалавекі, у першым квартале гэтага года ў жылым сектары зарэгістравана 4 пажары, загінула 2 чалавекі. Галоўнымі прычынамі вогненных трагедый найчасцей з’яўляюцца неасцярожнае абыходжанне з агнём і парушэнне правілаў эксплуатацыі пячнога ацяплення.

Больш увагі трэба звяртаць і на асобаў, якія злоўжываюць алкаголем, бо адна з распаўсюджаных прычын пажараў – гэта “п’яная цыгарэта”.

На Дзятлаўшчыне належыць перагледзець работу аглядавых камісій з прыняццем дзейсных мераў па праблемных кірунках работы; узмацніць кантроль за ўхіленнем выяўленых аглядавымі камісіямі парушэнняў супрацьпажарнай бяспекі; аказваць своечасовую дзейсную дапамогу па ліквідацыі праблемных момантаў адзінокім пажылым грамадзянам і тым, хто жыве адзінока; актывізаваць работу па накіраванні ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі асобаў, якія злоўжываюць спіртным і грэбуюць правіламі супрацьпажарнай бяспекі; часцей прыцягваць да адміністрацыйнай адказнасці жыхароў, якія дапускаюць парушэнні супрацьпажарнага заканадаўства; да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуць спецыялістаў, якія дапусцілі парушэнні ў прафілактычнай рабоце.

У час пасяджэння райвыканкама быў праведзены дэталёвы аналіз выяўленых парушэнняў, тлумачэнні па кожным з іх далі адказныя асобы.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі скіраваў увагу прысутных на тое, што з улікам ранейшых недахопаў трэба актывізаваць у раёне работу па прафілактыцы і недапушчэнні пажараў з гібеллю людзей. Суб’ектам прафілактыкі ўважлівымі трэба быць ужо цяпер, бо пачаліся веснавыя палы сухой расліннасці.

Ірына СТЫРНІК



Теги: