Загадчыца аптэкі № 62 пасёлка Казлоўшчына Ларыса Бялятка і яе маладая калега Ангеліна Жылінскайтэ – сапраўдная каманда.
Яны працуюць разам менш за год, але сябруюць, заўжды падтрымліваюць і разумеюць адна адну. Так супала, што нават свае чарговыя юбілеі (Ларысе Аляксандраўне – шэсцьдзясят пяць гадоў, Ангеліне Пятроўне – дваццаць) яны адзначылі ў адзін дзень.
Павіншаваць імянінніц у Казлоўшчыну прыехала загадчыца аптэкі № 55 горада Дзятлава Лідзія Баравік і старшыня цэхавага камітэта цэнтральнай аптэкі Алена Навумавец.
– Вас паважаюць і любяць людзі не толькі ў пасёлку Казлоўшчына, але і ва ўсіх навакольных вёсках, а адказнае і нераўнадушнае стаўленне да працы ведае і высока цэніць кіраўніцтва Гродзенскага РУП “Фармацыя”, – адзначыла Лідзія Віктараўна. – Дзякуй вам за нястомную працу, за ўнутраны стрыжань, за тое, што падтрымліваеце якасць работы аптэкі на такім высокім узроўні.
Калега адрасавала імянінніцы найлепшыя пажаданні і выказала спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва.
Гаворачы добрыя словы пра Ларысу Бялятка, немагчыма перабольшыць, бо ўсё сказанае будзе чыстай праўдай. У недалёкай будучыні споўніцца паўстагоддзя, як жанчына працуе ў фармацэўтыцы, ільвіную долю гэтага часу ўзначальвае мясцовую аптэку ў Казлоўшчыне. За гэты час фармацэўтычная ўстанова не раз станавілася лепшай у вобласці.
Сама Ларыса Аляксандраўна за шматгадовую плённую працу летась была адзначана высокай дзяржаўнай узнагародай – нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя”. Камунікабельная, адказная, добразычлівая, загадчыца пасялковай аптэкі даўно заслужыла галоўную ўзнагароду за сваю чалавечнасць – бязмежную павагу і любоў калег па працы, а таксама сваіх кліентаў.
Ангеліне Жылінскайтэ, якая сустрэла на дзятлаўскай зямлі свой першы прыгожы юбілей, пажадалі стаць добрым спецыялістам у сваёй справе.
– Воляй лёсу мы з вамі вельмі падобныя. Сваё дваццацігоддзе я таксама сустракала ў гэтай аптэцы, – звярнулася да малодшай калегі правізар і прафсаюзны кіраўнік Алена Навумавец. – І свой працоўны шлях я пачынала тут. Я рада, што вам пашанцавала таксама, як і мне, браць старт у гэтай установе. Мінула нямала гадоў, і я заўжды ўдзячная лёсу, што на ўзлёце звёў мяне з такім чалавекам, як Ларыса Аляксандраўна. Акрамя прафесійных навыкаў, яна зможа навучыць самай важнай, на мой погляд, якасці для аптэкара – любові і міласэрнасці да людзей.
Яшчэ года не прайшло, як малады правізар Ангеліна Жылінскайтэ прыбыла працаваць у Казлоўшчыну пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным медыцынскім каледжы. За гэты час яна паспела разабрацца ў тонкасцях фармацэўтычнай справы на практыцы, папрацаваць у напружаныя часы складанай эпідэміялагічнай сітуацыі, перажыць нямала новаўвядзенняў у галіне фармацэўтыкі. Але ўсё гэта было не так складана з вельмі вопытнай і спагадлівай калегай і сяброўкай.
– Загадчыца аптэкі ў мяне самая лепшая! – не хаваючы эмоцый, кажа дзяўчына. – Заўжды выслухае, дапаможа, зразумее. З такім чалавекам лёгка і прыемна працаваць.
Ангеліна Пятроўна спадзяецца сустрэць на гэтым працоўным месцы яшчэ не адзін сумесны са старэйшай калегай дзень нараджэння. Яе спадзяванні падтрымліваюць усе жыхары Казлоўшчыны і навакольных вёсак.
Наталля АВЯРЧУК