У час святкавання Дня Перамогі Антон Антонавіч Семярнік удзельнічае ў шэсці Несмяротнага палка, якое праходзіць у горадзе Дзятлаве.
У яго руках – партрэт бацькі, які з’яўляўся ўдзельнікам падпольнай і партызанскай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі нашага раёна.
У доме па вуліцы Канстанціна Заслонава, дзе жыў наш зямляк, цяпер жыве яго сын з сям’ёй, якія захоўваюць памяць аб сваім бацьку і дзядулю Антону Іосіфавічу Семерніку. Ён родам з простай сялянскай сям’і з вёскі Навасёлкі цяперашняга Данілавіцкага сельсавета. Нарадзіўся 23 красавіка 1911 года ў сям’і Іосіфа Карлавіча і Марыяны Дамінікаўны Семярнік. Трэба адзначыць, што сям’я была шматдзетнай – чатыры сыны і дачка. Бацька працаваў абутніком, меў гаспадарку і 1,5 гектара зямлі. Дзеці дапамагалі па гаспадарцы, але бацька вырашыў, што Антон павінен атрымаць адукацыю. У 7 гадоў яго накіравалі на вучобу ў пачатковую школу, дзе ён правучыўся 4 гады, але сродкаў у сям’і не хапала, і ён пайшоў працаваць рабочым на шашу. У пачатку 1928 года бацька Антона дамовіўся з уладальнікам майстэрні ў вёсцы Валуа Карэліцкага раёна аб навучанні сына рамесніцтву. За два гады вучобы патрэбна было аддаць 24 пуды зерня. Вучоба працягвалася 3 гады. Яго сын, Антон Антонавіч, успамінае расказ бацькі аб тым, што ён вучыўся і ў школе земляробства ў вёсцы Кашалёва. Там яго вучылі ўменню весці справу земляробства, жывёлагадоўлі, агародніцтва, бортніцтва, прыёмам і навыкам кіраўніцтва гаспадаркай. Выпускнікі накіроўваліся на працу ў панскія маёнткі на пасаду эканома. Летам 1931 года Антона Семерніка прызываюць на дзеючую вайсковую службу ў польскую армію.
Служба ў Войску польскім праходзіла ў горадзе Слоніме. Антон Семярнік быў залічаны ў 80-ы пяхотны полк. Тут і спатрэбіліся навыкі майстра-рамесніка. Амаль пастаяннай была праца ў майстэрні па рамонце і наладцы зброі. На старых фотаздымках, якія ёсць у сямейных архівах, Антон Семярнік застаўся маладым і жыццярадасным жаўнерам. Гэтая справа яму была даспадобы і спатрэбілася ў будучым. Праслужыў Антон паўтара гады і дэмабілізаваўся ў рэзерв, аб чым сведчыць запіс у яго вайсковай кніжцы. Працаваць слесарам дома ён не змог, бо не было патрэбнага інструмента. Дапамагаў бацькам па гаспадарцы, а затым уладкаваўся рабочым на працу ў Навагрудскі дарожны аддзел. Аб гэтым сведчыць змест дагавора ад 1 жніўня 1939 года, які захоўваецца ў сямейным архіве. У Навагрудскім ДЭУ-835 (дарожны эксплуатацыйны ўчастак № 835-аўт.) ён пачаў працу ў якасці рабочага-рамонтніка. Для абслугоўвання быў выдзелены ўчастак з 13 па 18 кіламетр шашы Навагрудак-Дзятлава. Праца была перапынена 17 верасня 1939 года.
Вялікую Айчынную вайну сустрэў дома, у вёсцы Навасёлкі. Працаваў на сельскай гаспадарцы, а калі пайшлі чуткі аб партызанах, устанавіў з імі сувязь. Прыходзілася выконваць розныя даручэнні, сярод якіх рамонт і наладка зброі для партызан. Нехта данёс, і нямецкія акупанты ўварваліся ў дом, дзе ён жыў. Фашысты вывелі Антона на вуліцу і пад пагрозай расстрэлу загадалі паказаць зброю, а самі зрабілі вобыск у хаце. Нічога не знайшлі, і праз некаторы час яго адпусцілі. Пасля гэтага выпадку прыйшлося працаваць больш патаемна. Да яго прыходзілі прадстаўнікі многіх партызанскіх атрадаў, але больш ён супрацоўнічаў з атрадам “Кастрычніцкі”. Мне пашанцавала прачытаць арыгінал даведкі ад камандавання атрада: “13.1.44 г. Даведка дадзена гр-ну вёскі Навасёлкі Семерніку Антону Іосіфавічу ў тым, што ён сапраўды з’яўляецца нелегальным работнікам “Кастрычніцкага” парт. атр. брыгады ім. Кірава, і ў тым, што ён працуе слясарным інструментам на карысць вышэйуказанага атрада. Просьба астатнія атрады не прад’яўляць да ўказанага грамадзяніна прэтэнзій. Камандзір “Кастрычніцкага” атрада л-т В. І. Панчанкаў” (захаваны стыль даведкі ад 13.01.1944 г. — аўт.).
Вайна для Антона Іосіфавіча завяршылася 9 ліпеня 1944 года, а ўжо 20 ліпеня ён падаў заяву аб прыёме на працу ў той жа самы ДЭУ-835 горада Навагрудка. У сваіх успамінах ён пісаў, што праца была складаная. Цяжка было па той прычыне, што дарожнай тэхнікі амаль не было, і ўсе работы выконваліся ўручную. У кастрычніку 1945 года кіраўніцтва заўважыла самаадданую працу рабочага Антона Семерніка і прызначыла яго на пасаду майстра дарожных работ. У лютым 1954 года Навагрудскае ДЭУ было ліквідавана, і яго перавялі на працу ў якасці майстра 4-й дыстанцыі ў Баранавіцкае ДЭУ-838. У сувязі з тэрытарыяльнымі зменамі межаў абласцей з сакавіка 1962 года Антон Семярнік працуе дарожным майстрам Навагрудскага ДЭУ-10. За добрасумленную працу і высокія паказчыкі ў рабоце 19 снежня 1968 года яму прысвоена званне “Ганаровы дарожнік”, а ў красавіку 1970 года на грудзях Антона Іосіфавіча закрасаваўся медаль” За доблесную працу ў азнаменаванне 100-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна”. З вялікім задавальненнем родныя Антона Іосіфавіча захоўваюць і іншыя дарагія для іх узнагароды свайго бацькі і дзядулі. Гэта ордэн “Знак Пашаны”, медаль “Ветэран працы”, Ганаровыя граматы і падзякі.
Нават пасля выхаду на пенсію, Антон Іосіфавіч Семярнік працягваў працаваць на будаўніцтве і рамонце дарог, якія сталі для яго жыццёвымі пуцявінамі. Памёр ён у 1984 годзе, але аб ім засталася добрая і ўдзячная памяць яго родных, блізкіх, знаёмых і таварышаў па працы.
Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,
краязнаўца
Подписывайтесь на телеграм-канал «Весці Дзятлаўшчыны» по короткой ссылке @gazeta_peramoga