Пад такой назвай 25 сакавіка ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна прайшла тэматычная пляцоўка па абмеркаванні галоўнага дакумента нашай краіны – Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Прыняць удзел у разглядзе трох тэматычных блокаў запрасілі наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей, членаў раённага савета ветэранаў, старшыняў галіновых прафсаюзных арганізацый і прадстаўнікоў пярвічак.
Мадэратар сустрэчы, краязнаўца Міхаіл Лук’янчык звярнуў увагу прысутных на тое, што ў беларускім грамадстве актыўна ідзе абмеркаванне змяненняў, якія могуць быць унесены ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, а таму прыспеў час узгадаць асноўныя яе палажэнні, якія рэгулююць розныя сферы нашага жыцця.
Аб забеспячэнні грамадскага правапарадку ў нашым раёне, расказаў начальнік аддзела прафілактыкі і аховы правапарадку АУС райвыканкама Андрэй Юшкевіч. Ён нагадаў, што з 1 сакавіка 2021 года ў Рэспубліцы Беларусь змянілася адміністрацыйнае заканадаўства. Больш увагі цяпер скіравана на прафілактыку і папярэджанне парушэнняў. Уведзена такая мера адказнасці, як “грамадскія работы”. Больш жорсткімі сталі адміністрацыйныя пакаранні за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах, павялічаны памеры штрафаў за такія парушэнні. У раёне наладжана актыўная тлумачальная работа з насельніцтвам аб наступствах супрацьпраўных паводзінаў.
Удзельнікі сустрэчы пацікавіліся ў праваахоўніка аб правілах палявання і працэсе атрымання дазволу на набыццё паляўнічай зброі, правах і абавязках непаўналетніх, іх адказнасці за парушэнні заканадаўства. Андрэй Юшкевіч падрабязна адказаў на ўсе пытанні.
Наступны тэматычны блок тычыўся працоўнага заканадаўства і абароны правоў працоўных. Аб рабоце раённага аб’яднання прафсаюзаў у гэтым кірунку расказаў яго старшыня Валерый Макарчык. Закрануў тэмы захавання правоў і гарантый работнікаў, умоваў працы, удасканалення сацыяльнага партнёрства, правядзення інфармацыйна-асветніцкай работы. Толькі за мінулы год у аб’яднанне з рознымі пытаннямі звярнулася 28 членаў прафсаюза. Цяпер таксама можна звяртацца ў прафсаюзную грамадскую прыёмную.
Палажэнні закона “Аб воінскім абавязку і воінскай службе” патлумачыў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец. Ён расказаў, што некалькі гадоў таму ў беларускіх юнакоў з’явілася магчымасць праходзіць альтэрнатыўную службу, аднак ёю пакуль скарысталіся адзінкі. Большасць нашых маладых землякоў праходзіць тэрміновую службу, некаторыя служаць у рэзерве.
У ваеннага камісара пацікавіліся, колькі трэба служыць хлопцам з вышэйшай адукацыяй і які гранічны ўзрост прызыву.
Рахункуючы вынікі тэматычнай пляцоўкі “Закон адзін для ўсіх”, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова падзякавала арганізатарам за цікавую сустрэчу і паабяцала, што на працягу года пройдзе яшчэ некалькі падобных мерапрыемстваў з тлумачэннямі розных галінаў заканадаўства.
За цікавую размову экспертам падзякаваў старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, які таксама выказаў спадзяванне на далейшае плённае супрацоўніцтва.
Ірына СТЫРНІК