Дзятлава – як на далоні…

Важнае Грамадства

Як мабільны дадатак “Мой горад” можа палепшыць якасць жыцця жыхароў Дзятлаўскага раёна?

Дадатак “Мой горад” распрацаваны ў рамках Дзяржаўнай праграмы “Лічбавае развіццё Беларусі” Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь і РУП “Белтэлекам”. Гэта вялікі рывок наперад на шляху лічбавага развіцця нашай краіны. У выгодзе і эфектыўнасці рэсурсу для вырашэння многіх штодзённых задач ужо даўно пераканаліся жыхары каля 60 гарадоў. Запісацца на прыём да доктара або ў выканкам і іншыя дзяржустановы, азнаёміцца з меню рэстарана, даведацца рэжым работы магазіна, выклікаць аварыйную брыгаду, забраніраваць столік у рэстаране або нумар у гасцініцы, запісацца на экскурсію – гэта і многае іншае можна зрабіць усяго ў некалькі клікаў дзякуючы платформе.

У дапамогу гараджанам і гасцям горада

Як расказаў начальнік Дзятлаўскага ўчастка электрасувязі Уладзімір Фесяк, праект створаны, каб у кожнага чалавека пад рукой быў просты і даступны канал камунікацый з гарадскім асяроддзем: органамі ўлады, бізнесам, сферамі аховы здароўя, адукацыі, паслугаў. Для зручнасці карыстання ў дадатку змяшчаецца інфармацыя аб прадпрыемствах і арганізацыях, структу­раваная па відах дзейнасці – адміністрацыя горада, спорт, адукацыя, адпачынак і турызм, транспарт, грамадскае харчаванне, гандаль, камунальныя службы і іншае. Дзякуючы дадатку “Мой горад” узаемадзеянне насельніцтва з гарадской інфраструктурай становіцца лёг­­кім і прыемным, карыстальнік атрымлівае доступ да інфармацыі, паслугаў і сэрвісу з адзінай сістэмы.

– Адкрываеш мабільны дадатак і бачыш горад як на далоні. Заказаць тавар ці паслугу і адразу аплаціць, забраніра­ваць нумар у гасцініцы, выклікаць аварыйную брыгаду – усё гэта робіцца вельмі проста ў рэжыме рэальнага часу. Не прыйдзецца фарміраваць дзясяткі пошукавых запытаў, ба­чыць усё ў адным праграмным прадукце будзе значна зручней. Гэта вялікі плюс для гараджан і гэта камфортна, – адзначыў Уладзімір Фесяк. – Ёсць у дадатку і стужка, дзе размяшчаюцца топ-навіны. Жыхары мо­гуць хутка даведацца аб папярэджаннях МНС, правядзенні тэхнічных работ, часовым закрыцці вуліц для руху транспарту і многім іншым.

Дарэчы, выкарыстоўваючы магчымасці “Майго горада” можна праводзіць апытанні і анкетаванне гараджан.

Карысць для арганізацый

Мабільны дадатак з’яўляецца выдатным варыянтам для юрыдычных асоб, якія жадаюць заявіць пра сябе і сваю дзейнасць. На персанальнай старонцы кожная арганізацыя можа размясціць інфармацыю аб рэжыме работы, прадукцыі і паслугах, акцыях і скідках. Функцыянал рэсурсу шырокі і не перастае развівацца, пры гэтым распрацоўшчыкі ўлічваюць пажаданні для паляпшэння ўспрымання і даступнасці прадастаўленай інфармацыі. У напаўненні платформы могуць прыняць удзел розныя суб’екты гаспадарання горада і раёна. Для гэтага дастаткова зрабіць заяўку на сайце moygorod.by або звярнуцца ў сэрвісны цэнтр кампаніі “Белтэлекам”.

– Карысная наша навінка і для турыстычнага сэрвісу. Аматары турызму і проста жадаючыя адпачыць на прыродзе будуць бачыць, куды можна паехаць і дзе можна смачна паабе­даць. Напрыклад, уладальнікі аграсядзібаў змогуць паказваць кантактныя даныя і колькасць свабодных месцаў, размяшчаць фота інтэр’еру і іншую прывабную для турыстаў інфармацыю. “Мой горад” – гэта эфектыўны канал камунікацыі. Сёння пры правільным выкарыстанні нашага рэсурсу любы бізнес можа паспяхова прыцягваць новых кліентаў, а праз пашырэнне мэтавай аўдыторыі, адпаведна, ідзе і дадатковы даход, – дадаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы горада, якія становяцца ўдзельнікамі праекта, напаўняюць дадатак сваімі данымі ў наяўных модулях: звесткі і навіны кампаніі, модулі анлайн-запісу, аплаты, дастаўкі, акцыі і іншае.

Дарэчы, мабільны дадатак “Мой горад” размешчаны ў магазіне дадаткаў і сёння даступны для бясплатнага скачвання, устаноўкі і карыстання на Android і iOS для ўсіх жыхароў і гасцей нашай краіны.

Дадатак “Мой горад” – інфармацыйны рэсурс з простым і зручным інтэрфейсам, які стане неад’емным атрыбутам кожнага гараджаніна, у кішэні якога абавязкова павінна быць лічбавая праекцыя любімага горада.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga