Старт сезона

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Адыходзіць зіма, і ў меліяратараў Дзятлаўшчыны пачынаецца актыўны сезон.

Першыя праекты ўжо знайшлі сваё завяршэнне. Днямі брыгада Аляксандра Лішыка выканала пераўладкаванне каналізацыі транспарціроўкі мязгі на крухмальным заводзе ў Борках.

Згодна з праектам, новая пластыкавая каналізацыя будзе ісці паралельна са старой азбестацэментнай на адлегласці 400 метраў ад цэха. Нягледзячы на начныя замаразкі, меліяратары справіліся з яе пракладкай за паўтара тыдня сваімі сіламі.

Земляныя работы на аб’екце выканаў машыніст экскаватара з трыццацідвухгадовым стажам Аляксандр Панасенкаў. У скарбонцы яго працоўнага вопыту – работы на будаўніцтве Аўгустоўскага канала, міжнароднага газаправода “Ямал-Еўропа”, рэканструкцыі Мірскага замка.

Па меркаванні Аляксандра Віктаравіча, праца з тэхнікай – справа сапраўдных мужчын. Таму і свой вольны час мужчына прысвячае справам тэхнічным: працы за рулём уласнага трактара на прысядзібнай гаспадарцы.

На пракладцы каналізацыі працавалі мантажнікі вонкавых трубаправодаў Сяргей Шчэрба і Віталь Бякета. У іх за плячыма таксама больш за паўтара дзясятка гадоў працы ў меліярацыі. Па словах кіраўніцтва, ім можна даверыць самыя адказныя ўчасткі работ і быць спакойным за паспяховае іх выкананне.

Зладжанай камандай прафесіяналаў кіруе старшы майстар Аляксандр Лішык. Ураджэнец Слонімшчыны, пасля заканчэння Жодзінскага машынабудаўнічага каледжа ён паспрабаваў сябе на працы і ў прыватных, і ў дзяржаўных прадпрыемствах. Больш за дзесяць гадоў таму прыйшоў у Дзятлаўскае ПМС і застаўся тут працаваць. Па словах Аляксандра Канстанцінавіча, работа меліяратараў няпростая і надзвычай адказная, увесь час у камандзіроўках. Аднак заўжды прыемна бачыць вынік сваёй працы. А пасля насычанага працоўнага дня – вяртацца дадому, дзе заўжды чакаюць.

Наталля АВЯРЧУК