Адбылося чарговае пасяджэнне каардынацыйнага савета райвыканкама па кантролі за выкананнем Дэкрэта № 18 і камісіі па справах непаўналетніх.
Члены камісіі разгледзелі хадайніцтва аднаго з дзяржаўных каледжаў аб узгадненні адлічэння з гэтай установы юнага жыхара нашага раёна, а таксама па прычыне абвастрэння сітуацыі ў сацыяльна ненадзейнай сям’і, прызналі маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне дваіх дзяцей. Члены каардынацыйнага савета прааналізавалі вынікі двух сацыяльных расследаванняў і прызналі трох дзяцей у сацыяльна ненадзейным становішчы.
Таксама ў час пасяджэння былі падведзены вынікі рэалізацыі плана мерапрыемстваў па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі сярод непаўналетніх, па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей у Дзятлаўскім раёне ў 2020 годзе, зацверджаны новы план прафілактычных мерапрыемстваў на 2021 год, а яшчэ – план работы камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама на 2021 год.
Вучыцца не хоча, збіраецца працаваць
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама атрымала хадайніцтва ад аднаго з дзяржаўных каледжаў з просьбай узгадніць адлічэнне з гэтай установы юнага жыхара нашага раёна.
Як высветлілася, юнак мае здавальняючую паспяховасць і шмат пропускаў заняткаў без уважлівых прычын. Такія паводзіны сам ён тлумачыць нежаданнем вучыцца і няздольнасцю здаць “вадзіцельскі” экзамен.
На пытанне, што будзе рабіць далей, хлопец упэўнена адказаў, што хоча працаваць. Варта адзначыць, што сёлета ён стане паўналетнім і адшукаць работу будзе значна лягчэй.
Спецыяліст службы занятасці, якая прымала ўдзел у пасяджэнні камісіі, запрасіла юнака прыйсці па кансультацыю і канчаткова вызначыцца з месцам работы або прайсці курс навучання па запатрабаванай у раёне спецыяльнасці з далейшым працаўладкаваннем.
Члены камісіі па справах непаўналетніх далі згоду на адлічэнне юнака з месца вучобы.
Прадоўжылі піць – засталіся без дзяцей
У сацыяльна ненадзейным становішчы знаходзіліся трохгадовая сястра і паўтарагадовы брат, таму што іх бацькі злоўжывалі алкаголем і не ў поўнай меры выконвалі свае абавязкі.
Дзяўчынка часта заставалася дома, бо дарослыя ленаваліся прачнуцца раней і адвесці яе ў дзіцячы сад. Пры наведванні сям’і спецыялісты службаў прафілактыкі неаднойчы заставалі мужа і жонку п’янымі і агрэсіўнымі. У хаце часта панаваў беспарадак, у даступных для непаўналетніх месцах знаходзіліся запалкі, нажы, бытавая хімія, аднак не хапала прыдатных для дзяцей прадуктаў харчавання. Вельмі насцярожвала спецыялістаў адсутнасць гатовых дроваў. Бярвенні былі прывезены на падворак, але дарослыя іх не распілавалі і не пасеклі.
Сітуацыя абвастрылася больш, калі гаспадар быў звольнены з работы за тое, што застаўся дома пасля закрыцця бальнічнага ліста. Чарговае застолле і сварка паміж дарослымі сталі падставай для экстранага адабрання ў іх дзяцей. На момант пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама іх сын знаходзіўся ў дзіцячым аддзяленні бальніцы, дачка – у прытулку. Медыкі паведамлялі, што маці не жадае заставацца з хлопчыкам і па розных падставах пакідае аддзяленне. Дачку ў прытулку дарослыя таксама ні разу не наведалі, прадаўжалі ўжываць алкаголь.
У сувязі з гэтым члены камісіі прынялі рашэнне аб прызнанні непаўналетніх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. Калі бацькі возьмуцца за розум, дзяцей ім вернуць максімум праз паўгода. Паколькі муж і жонка сталі абавязанымі асобамі, ім абодвум цяпер давядзецца працаваць.
Думаць трэба пра дзяцей
Сацыяльнае расследаванне, якое ладзілася ў сям’і, дзе два месяцы таму нарадзіліся двайняты, выявіла прыкметы недабрабыту.
Прычынай для праверкі стала трывожнае паведамленне. У час наведвання немаўлят медработніца заўважыла, што іх бацькі знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення. Медык экстрана шпіталізавала маленькіх пацыентаў у дзіцячае аддзяленне.
Адносіны паміж бацькамі двайнят не зарэгістраваны. Ад першага шлюбу ў жанчыны ёсць двое дзяцей, якіх гадуе былы муж. Сама маці знаходзіцца на дыспансерным уліку ў доктара-нарколага і раней мела сур’ёзныя праблемы з алкаголем. Потым жанчына закадзіравалася, некалькі гадоў вяла цвярозы лад жыцця, тады і сышлася з бацькам двайнят. Мужчына раней не быў заўважаны ў злоўжыванні алкаголем.
Пасля змяшчэння дзяцей у бальніцу, дарослыя задумаліся пра наступствы, абодва прайшлі кадзіроўку. Яны паабяцалі, што больш не дапусцяць падобных сітуацый. Аднак члены каардынацыйнага савета прынялі рашэнне аб прызнанні двайнят у сацыяльна ненадзейным становішчы. Сям’я будзе знаходзіцца на кантролі ў раённых службаў прафілактыкі.
Параілі звярнуцца да доктара
Яшчэ адно сацыяльнае расследаванне ладзілася ў сям’і, дзе маці адна гадуе сына-чацвёртакласніка.
Праверку было вырашана правесці пасля тэлефоннай размовы класнага кіраўніка з жанчынай. Настаўніца западозрыла, што яна п’яная. Факт пацвердзіўся пры наведванні сям’і. Ужо другое за каляндарны год сацыяльнае расследаванне выявіла прыкметы недабрабыту.
Як стала вядома, шлюб паміж дарослымі не скасаваны, аднак бацька хлопчыка жыве асобна, жонцы і сыну не дапамагае, нават быў судзімы за нявыплату аліментаў.
Хлопчык у школе характарызуецца станоўча, вучыцца ён стараецца. Маці пра сына клапоціцца, і адзіная яе праблема – гэта сяброўства з алкаголем.
Члены каардынацыйнага савета прызналі непаўналетняга ў сацыяльна ненадзейным становішчы, яго маці было рэкамендавана абавязкова звярнуцца да доктара-нарколага. Сям’я будзе на кантролі.
Святлана ЗАЛУЧАН,
намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама
Віталь ЮРГО,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Віктар ПЕТРУКЕВІЧ,
начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх АУС райвыканкама
Ірына СТЫРНІК,
карэспандэнтка газеты “Перамога”, член камісіі