Дзве краіны – у адным сэрцы

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Бухгалтар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Тамара Якаўчык – жанчына з украінскімі каранямі і беларускімі крыламі.

Прыехаўшы працаваць у краіну-суседку, яна знайшла тут сяброў, сям’ю і свой лёс.

Сёлета спаўняецца трыццаць гадоў, як Тамара Аляксееўна працуе ў камунальнай гаспадарцы раёна. Калегі паважаюць яе за адказнае стаўленне да працы, жыццёвую энергію, чуласць і спагаду. Гісторыю ўласнай любові да Беларусі жанчына расказвае сама:

“Людзі здаўна казалі: дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Але гэтыя словы не пра мяне. Зусім юнай пакінула я бацькоўскі дом у роднай Украіне і з няхітрым дзявочым скарбам накіравалася шукаць свой лёс у другіх мясцінах, паступіла вучыцца ў расійскі горад Куўшынава.

Час вучобы праляцеў хутка – і вось я ўжо з дыпломам бухгалтара ў руках еду на першае месца працы ў невядомую мне краіну – Беларусь.

З першых маіх нясмелых працоўных крокаў я заўважыла, што тут, як і ў маёй роднай Хайчы, што на Украіне, жывуць чулыя, працавітыя і добразычлівыя людзі.

Пашчасціла мне не толькі з месцам працы і калегамі. У хуткім часе пасля пераезду знайшла я свой жаночы лёс: выйшла замуж за беларуса, у нас нарадзіліся дзве прыгажуні-дачушкі. Так я назаўжды звязала мой лёс, мае мары, надзеі на светлую будучыню з сінявокай Беларуссю. За ўсё жыццё ні разу не пашкадавала, што засталася жыць тут, стала адчуваць сябе яе малой часцінкай.

Адшумелі зімы, адцвілі вёсны, праляцелі гады, як пух з таполяў, і вось сёння я падлічваю: мінула сорак два гады, з таго часу як я, пацалаваўшы расчуленую матулю, пакінула бацькоўскі парог і любімую Украіну, але набыла другую маю Радзіму – Беларусь. Цяпер не ўяўляю, што ў маім жыцці магло здарыцца па-іншаму.

На малой радзіме засталіся мае карані, там жывуць старэнькая матуля, сястра з сям’ёй. Калі маю магчымасць, спяшаюся адведаць іх і прытуліцца да матулінай шчакі. Лячу на крылах, каб абняць сваіх родных і дапамагчы, чым змагу. І зноў пасля спаткання з роднымі цягнік вяртае назад, у край, дзе засталася другая палавіна майго сэрца – у Белую Русь, дзе цяпер маё жыццё, мае дзеці, унукі, сябры.

Тут мяне чакае кожная травінка, тут я дыхаю вольна і не стамляюся бачыць вакол сябе прыгажосць і шчырасць. Мая другая Радзіма, я жадаю шчасця, міру і дабрыні табе і тваім людзям!”

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: