Завяршыўся раённы тур рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі “Залатая шайба”.
Сёлетні чэмпіянат праходзіць на Дзятлаўшчыне ў дзвюх узроставых групах – малодшай (дзве каманды-ўдзельніцы) і старэйшай (чатыры каманды).
Ужо ў першы дзень спаборніцтваў вызначыўся пераможца ў малодшай узроставай групе. Узяла рэванш у сваіх асноўных сапернікаў зборная сярэдняй школы № 1, атрымаўшы з лікам 6:5 валявую перамогу над камандай школы № 3 горада Дзятлава. Асноўны час закончыўся ўнічыю 3:3, па булітах больш спрытнымі і ўдачлівымі паказалі сябе хакеісты першай школы.
У старэйшай узроставай групе па выніках двух дзён спаборніцтваў лепшай стала хакейная зборная сярэдняй школы № 3. З лікам 5:0 яна перамагла каманду Гезгалаўскай школы, з лікам 3:0 – зборную гімназіі № 1, з лікам 8:0 – каманду сярэдняй школы № 1.
Вынікі раённага тура спаборніцтваў “Залатая шайба” ў старэйшай узроставай групе наступныя: 1 месца – сярэдняя школа № 3 (9 ачкоў), 2 месца – сярэдняя школа № 1 (6 ачкоў), 3 месца – Гімназія № 1 (3 ачкі), 4 месца – Гезгалаўская сярэдняя школа.
Лепшымі ігракамі першага тура “Залатой шайбы” ў малодшай узроставай групе прызнаны Уладзіслаў Касцюкевіч (СШ № 1), Яўген Ёда (Гімназія № 1), Раман Котаў (СШ №3), Станіслаў Юргель (СШ № 1); у старэйшай узроставай групе – Іван Губко (СШ №3), Максім Аляксейчык (СШ №3), Мікіта Маскаль (Гімназія № 1).
Другі, абласны этап спаборніцтваў “Залатая шайба”, пройдзе ў лядовым палацы горада Ліды: старэйшая ўзроставая група – з 1 па 3 сакавіка, малодшая – з 9 па 11 сакавіка.
Наталля АВЯРЧУК
Фота Марыі Паповай