Да каго зазірнула сонейка?

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

28 мая з ініцыятывы Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі пры падтрымцы аддзела адукацыі райвыканкама ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшоў VІІ раённы інклюзіўны фестываль творчасці “Няхай заўжды будзе сонца!”. Удзел у ім прынялі 13 каманд установаў адукацыі Дзятлаўскага раёна, у склад якіх уваходзілі дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іх здаровыя равеснікі.

Удзельнікаў сустрэчы павітала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская:

– Сімвалічна, што наш фестываль праводзіцца напярэдадні Дня абароны дзяцей. Маленькім удзельнікам свята я жадаю, каб вас сагравала цяпло сямейнага ачага, каб побач былі блізкія і любімыя людзі, каб вы заўжды маглі рэалізаваць свае здольнасці і дабіцца поспехаў, а сённяшняму фестывалю жадаю бліснуць яркімі іскрынкамі талентаў нашых рабят.

Праграму свята адкрыла пазаконкурснае выступленне навучэнцаў Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі – дыпламантаў абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу “Вясёлкавы карагод-2019”.

Удзельнікаў інклюзіўнага фестывалю творчасці “Няхай заўжды будзе сонца!” журы ацэньвала па двух намінацыях: завочна каманды ўстановаў адукацыі рыхтавалі насценныя газеты на тэму “Мой родны кут, як ты мне мілы”, а на сцэну юныя артысты паднімаліся каб прадэманстраваць творчае хатняе заданне “Шчаслівая планета Дзяцінства”.

Дзеці і педагогі падрыхтавалі шмат яркіх, цікавых выступленняў. Сярод іх былі песні і вершы, інсцэніроўкі і танцы, нават моднае дэфіле ад Новаяльнянскага ясляў-сада. Журы складана было вызначыць лепшых у творчым конкурсе. Тым не менш, першынство вырашылі аддаць камандзе карабельчыка “Дзяцінства”, які “прыплыў” з Гезгалаўскага ясляў-сада. Другое месца занялі юныя артысты Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы з песняй-інсцэніроўкай “Гарманіст Цімошка”. Дыплом трэцяй ступені фестывалю дастаўся самай вялікай камандзе – навучэнцам сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава, якія падрыхтавалі вершы і песні. Прызам сімпатый гледачоў ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” адзначана каманда Дварэцкага ясляў-сада.

У конкурсе насценгазет лепшая работа атрымалася ў педагогаў і выхаванцаў ясляў-сада № 1 горада Дзятлава. Дыпломам за другое месца адзначана Новаяльнянская сярэдняя школа. На трэцім месцы – Казлоўшчынская сярэдняя школа. Узнагароды ўручыла дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Марына Гуговіч.

Таксама ўсе ўдзельнікі фестывалю атрымалі падарункі ад Дзятлаўскага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд”. У святочнай абстаноўцы былі ўзнагароджаны яшчэ і прызёры раённага конкурсу інклюзіўных тэатральных калектываў установаў дашкольнай адукацыі. Гэта калектывы “Сонейка” Новаяльнянскага ясляў-сада, “Усмешка” Гезгалаўскага ясляў-сада, “Сябры” Хвінявіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы.

Ірына СТЫРНІК