Вакцыну атрымаюць усе жадаючыя

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне нядаўна пачалася прафілактычная прышчэпкавая кампанія супраць каранавірусу.

З пытаннямі пра ход, удзельнікаў і асаблівасці мерапрыемства да галоўнага доктара Дзятлаўскага райЦГЭ Алены Шайбак звярнулася карэспандэнт газеты “Перамога”.

– Алена Вячаславаўна, ці можна абысціся без прышчэпак ад каранавірусу?

– Імунізацыя застаецца найважнейшым кампанентам у барацьбе з інфекцыяй COVID-19. Спыніць пандэмію без правядзення прафілактычных прышчэпак не ўяўляецца магчымым.

– Хто ў першую чаргу атрымае прышчэпкі?

На першым этапе праводзіцца вакцынацыя работнікаў арганізацый аховы здароўя (ФАПы, амбулаторыі, паліклінікі, бальніцы, райЦГЭ) устаноў адукацыі, устаноў з кругласутачным рэжымам знаходжання дзяцей і дарослых.

– Ці будзе планавая ўсеагульная вакцынацыя?

Другі этап кампаніі якраз прадугледжвае правядзенне прышчэпак усім жадаючым. У цяперашні час Дзятлаўскай ЦРБ сабраны звесткі аб колькасці жадаючых, інфармацыя накіравана ва ўпраўленне аховы здароўя аблвыканкама. Пад пададзеную заяўку мы атрымаем вакцыну. Тэрміны вакцынацыі яшчэ не вызначаны, але не пазней сакавіка-красавіка бягучага года.

– Колькі каштуе прышчэпка і як доўга будзе трымацца імунітэт пасля яе?

– Ужо было агучана, але я хачу нагадаць, што прышчэпкі праводзяцца ў добраахвотным парадку на бясплатнай аснове. Па апошніх дадзеных, імунітэт пасля праведзеных прышчэпак захоўваецца да 2-х гадоў.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: