Старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка –дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу – падзяліўся сваімі ўражаннямі ад форуму.
– У час пасяджэння мы акунуліся ў дзелавую атмасферу, дзе былі не гасцямі, а “сваімі”. Як трапна зазначыў Прэзідэнт: “Прыехалі ў сталіцу сваёй Радзімы, значыць, да сябе дахаты”.
Чырвонай ніткай праз увесь форум прайшла думка, што ў складаны перыяд пандэміі і эканамічнай канкурэнцыі не трэба дзяліцца на “белых” і “чорных”, а неабходна згуртавацца і працаваць закасаўшы рукавы. Нездарма VІ Усебеларускі народны сход праходзіў пад лозунгам: “Адзінства. Развіццё. Незалежнасць”. Сапраўды, трэба быць адзінымі, каб разам плённа працаваць і развівацца, станавіцца эканамічна моцнымі, значыць, заставацца незалежнымі. На гэты конт спадабаўся крылаты выраз аднаго з выступаючых: “Нам трэба вельмі хутка бегчы, каб застацца на месцы, а каб рухацца наперад – трэба бегчы яшчэ хутчэй”. Наша краіна, як запэўніў кіраўнік дзяржавы, і надалей будзе праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку, хаця галоўны вектар – гэта Расійская Федэрацыя.
Поўнасцю згодны з важным накірункам у сацыяльнай палітыцы, які падтрымлівае Прэзідэнт. Гаворка аб тым, што ў Беларусі і надалей будзе ўмацоўвацца інстытут сям’і і захоўвацца асноўныя нацыянальныя і рэлігійныя каштоўнасці.
Для мяне важна было пачуць, што ў нашай краіне ўзяты курс на развіццё рэгіёнаў. Гэта мы не проста чуем з высокіх трыбун, а ўпэўніліся на ўласным прыкладзе. Наш пасёлак Казлоўшчына за 2020 год памяняў сваё аблічча, дзякуючы таму, што быў уключаны ў дзяржаўную праграму па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці.
Усіх выступаючых на форуме я слухаў на адным дыханні, час праляцеў незаўважна. Галоўнае, што хачу данесці да сваіх землякоў як дэлегат форуму, – гэта заклік аб’яднацца. Нам трэба згуртавацца і шмат працаваць, каб нас не пакінулі на задворках, каб мы не сталі сыравінным прыдаткам, а заставаліся незалежнай самастойнай дзяржавай.
Ірына СТЫРНІК