Ларыса Кучынская: “Пачнём пяцігодку з сябе”

Важнае Грамадства

Загадчыца Жукоўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта Ларыса Кучынская – дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу – падзялілася сваімі ўражаннямі ад форуму.

– Уражанні ад паездкі самыя станоўчыя, будзем выконваць наказ кіраўніка дзяржавы, – зазначае Ларыса Віктараўна. – Я з вялікай цікавасцю слухала даклад Прэзідэнта. Ад першага да апошняга слова беларускі лідар сказаў усё правільна. Развівацца нам трэба эвалюцыйным шляхам, не спыняцца на дасягнутым, упэўнена крочыць наперад. Кожны беларус павінен пачаць новую пяцігодку з сябе: пастарацца жыць лепей, самастойна расці як асоба і ў прафесіі. Беларускае грамадства павінна “прачнуцца”, не чакаць наказаў “зверху”, не наракаць, а самастойна брацца за карысныя справы.

Мне цікава было пачуць, як будуць развівацца ўсе галіны нацыянальнай эканомікі. Крыху спынюся на сваёй, медыцынскай сферы. Радуе, што ў Беларусі ўзяты курс на развіццё рэгіёнаў. Прагучала, што сельскі жыхар павінен атрымліваць такую ж якасную медыцынскую дапамогу, як гарадскі. Для гэтага будуць стварацца адпаведныя ўмовы: ажыццяўляцца рамонты і рэканструкцыя рэгіянальных медыцынскіх установаў, у раёны будзе набывацца якаснае высокатэхналагічнае медабсталяванне.

Карыснымі былі і выступленні іншых дэлегатаў і гасцей усебеларускага форуму. Цікава было паслухаць беларускую моладзь, чэшскую госцю, а таксама прадстаўніка камуністычнай партыі Украіны.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў нас, дэлегатаў, у сваіх рэгіёнах падзяліцца ўражаннямі ад форуму, што я актыўна і раблю.

Людзі прыходзяць з пытаннямі да мяне на ФАП, задаюць іх у магазіне, падчас выездаў на вызавы, тэлефануюць мне дахаты. Іх цікавіць усё да дробязяў: ці размаўлялі мы з дэлегатамі іншых абласцей, ці ўсё пра форум паказалі па тэлевізары. З задавальненнем паведамляю, што і Усебеларускі сход, і асвячэнне яго ходу ў прэсе адбываліся на самым высокім узроўні.

Ірына СТЫРНІК  

 



Теги: