У райвыканкаме. Нарыхтоўка другасных матэрыялаў і прафілактыка крадзяжоў

Галоўнае Улада

29 студзеня прайшло планавае пасяджэнне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.

На парадак дня былі вынесены два пытанні: “Аб ходзе выканання ўстаноўленых заданняў па зборы (нарыхтоўцы) і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі Дзятлаўскага раёна” і “Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні і недапушчэнні крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці”.

З дакладам па першым пытанні выступіў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Залеўскі. Ён расказаў, што заданні па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыялаў, пастаўцы адходаў паперы, кардона і шкла для дзяржаўных патрэбаў былі даведзены для кожнай арганізацыі раёна рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама ад 11 сакавіка 2020 года № 138, прынятым у адпаведнасці з рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў ад 22 снежня 2016  года № 190 “Аб рэгіянальным комплексе мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе” на 2016-2020 гады”.

На сёння на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 9 стацыянарных і адзін мабільны прыёмныя пункты другаснай сыравіны, устаноўлена 209 кантэйнераў для раздзельнага збору смецця, ёсць станцыя сартавання. Для прыватных домаўладанняў у Дзятлаве за кошт сродкаў мясцовага бюджэту і дзяржустановы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” атрыманы 3870 кантэйнераў і смеццявоз. Для раздзельнага збору цвёрдых камунальных адходаў насельніцтву ўжо перадалі больш за тысячу кантэйнераў.

Па праблеме беражлівых адносінаў да навакольнага асяроддзя з навучэнцамі ўстановаў адукацыі раёна ў справаздачны перыяд праводзілася тлумачальная работа, ладзіліся тэматычныя акцыі і выхаваўчыя мерапрыемствы. Старшыні сельвыканкамаў на сельскіх сходах і пры наведванні домаўладанняў тлумачылі гаспадарам важнасць раздзельнага збору смецця і ашчадных адносінаў да прыроды.

Дзятлаўскай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за справаздачны перыяд праведзена 107 кантрольных мерапрыемстваў, устаноўлены 239 фактаў несанкцыянаванага размяшчэння адходаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 12 юрыдычных асобаў – на суму 6615 рублёў, 8 службовых і фізічных асобаў – на суму 2430 рублёў.

Для актывізацыі нарыхтоўкі другасных матэрыяльных рэсурсаў на тэрыторыі раёна з 23 лістапада па 23 снежня 2020 года ладзіўся тэматычны месячнік.

Усяго за 2020 год у раёне было здадзена 1056,5 тоны адходаў – 78,6 % ад гадавога задання. З шасці заданняў па нарыхтоўцы і здачы другасных матэрыялаў удалося выканаць толькі тры. Аналіз работы арганізацый раёна ў гэтым кірунку паказаў, што некаторыя кіраўнікі не прынялі дзейсных мераў па планамерным выкананні даведзеных паказчыкаў, і гэта не дазволіла выйсці на планавыя лічбы. Таму сярод задач на перспектыву – прааналізаваць недахопы і прыняць адпаведныя рашэнні. Дадатковым рэсурсам для павелічэння збору другаснай сыравіны будзе далейшае забеспячэнне жыхароў прыватнага сектара кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця.

Як спраўляюцца з праблемамі нарыхтоўкі другаснай сыравіны ў ААТ “Новаяльнянскі КХП” і Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства расказалі дырэктар камбіната хлебапрадуктаў Ігар Язэпаў і начальнік аддзела прамысловасці, нарыхтовак, знешнеэканамічнай дзейнасці і рынкаў аблспажыўтаварыства Васіль Саракапыт.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, даючы ацэнку праведзенай у раёне рабоце, падкрэсліў, што поспех тут напрамую залежыць ад кіраўніка, дзе эфектыўны кіраўнік – там ёсць вынік. Ён даў даручэнне штоквартальна праводзіць маніторынг выканання даведзеных заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў.

З дакладам па другім пытанні выступіў першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама Уладзімір Святоха. Ён расказаў, што дзятлаўскай міліцыяй ва ўзаемадзеянні з органамі дзяржаўнай улады і іншымі суб’ектамі прафілактыкі прымаюцца пэўныя меры па папярэджанні злачынстваў супраць дзяржаўнай і прыватнай формаў уласнасці. Аналіз аператыўнай абстаноўкі за 2020 год сведчыць, што колькасць правапарушэнняў у раёне застаецца значнай. Сярод праблемных пытанняў – папярэджанне і недапушчэнне крадзяжоў. Нягледзячы на тлумачальную работу з насельніцтвам і ў працоўных калектывах, адзначаецца тэндэнцыя да павелічэння агульнай колькасці зарэгістраваных злачынстваў з 219 да 265. Істотны іх рост адбыўся за кошт павелічэння з 115 да 146 колькасці злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку, у прыватнасці росту з 83 да 98 крадзяжоў (на 18 %). Уцэлым, у студзені-верасні 2020 года яны адбываліся шляхам свабоднага доступу, што сведчыць аб неналежных адносінах грамадзян да захаванасці сваёй маёмасці і недастатковай прафілактычнай рабоце з насельніцтвам па абсталяванні жылля тэхнічнымі сродкамі аховы.

На аб’ектах дзяржаўнай формы ўласнасці былі зарэгістраваныя 4 крадзяжы (+3), з якіх 2 – у гаспадарках раёна. Колькасць крадзяжоў прыватнай формы ўласнасці юрыдычных асобаў павялічылася з 4 да 7, колькасць крадзяжоў прыватнай уласнасці фізічных асобаў – з 78 да 87.

Праблема папярэджання і недапушчэння крадзяжоў разглядалася ў першым паўгоддзі 2020 года, на яе была звернута ўвага суб’ектаў прафілактыкі, што знайшло сваё адлюстраванне ў рашэнні райвыканкама. Аднак не ўсімі суб’ектамі прафілактыкі прыняты вычарпальныя меры па рэалізацыі вызначаных рашэннем мерапрыемстваў. У сферы аграпрамысловага комплексу адзначаецца значнае паляпшэнне працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, у сферы спажывецкай кааперацыі ёсць недахопы па забеспячэнні належнай тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, патрабуе ўдасканалення работа па навядзенні парадку ў жылых кварталах шматкватэрных дамоў. Таму для забеспячэння грамадскай бяспекі, прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў супраць уласнасці, у тым ліку камунальнай, неабходна ўстанавіць больш сістэм відэаназірання. Таксама дзейсным спосабам забеспячэння захаванасці асабістай маёмасці з’яўляецца ўстаноўка ахоўнай сігналізацыі.

Яшчэ адзін праблемны накірунак работы ў раёне звязаны з крадзяжамі грашовых сродкаў праз авалоданне рэквізітамі банкаўскіх картак: колькасць такіх злачынстваў летась павялічылася на 58,5 % (з 17 да 41). Знізіць іх рост можна за кошт інфармавання насельніцтва раёна аб злачынных схемах і спосабах абароны.

Праведзеныя ў 2020 годзе супрацоўнікамі органаў унутраных спраў райвыканкама праверкі і комплексныя прафілактычныя адпрацоўкі з удзелам суб’ектаў прафілактыкі паказалі, што яшчэ давядзецца вырашыць шмат задач у агракомплексе, а таксама па тэхнічным умацаванні аб’ектаў гандлю і тлумачальнай рабоце аб захаванні асабістай маёмасці з насельніцтвам. Што тычыцца прагноза аператыўнай абстаноўкі, то ў раёне можа адбыцца павелічэнне колькасці крадзяжоў з нежылых дамоў, банкаўскіх картак, у грамадскіх месцах і месцах масавага адпачынку. З улікам набліжэння сяўбы існуе верагоднасць крадзяжоў з аб’ектаў аграпрамысловага комплексу. Неабходна вырашаць шэраг задач па забеспячэнні захаванасці асабістай і дзяржаўнай маёмасці, аднавіць комплексныя адпрацоўкі сельскіх саветаў і работу аглядавых камісій, дзейнасць якіх была спынена з-за абвастрэння эпідэміялагічнай сітуацыі.

Як у Дзятлаўскім філіяле Гродзенскага аблспажыўтаварыства вядзецца работа па павышэнні тэхнічнай умацаванасці аб’ектаў, расказаў Васіль Саракапыт.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, ацэньваючы работу міліцыі і службаў прафілактыкі раёна, зазначыў, што важная роля ў прафілактычнай дзейнасці адводзіцца першаснаму звяну – участковым інспектарам міліцыі і старшыням сельвыканкамаў. Ён прапанаваў кіраўніцтву аддзела ўнутраных спраў райвыканкама ўзмацніць кантроль за работай службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Таксама параіў актывізаваць тлумачальную работу з насельніцтвам раёна, асабліва з людзмі пажылога ўзросту, якія найчасцей становяцца аб’ектамі злачынстваў. Падкрэсліў, што і надалей на асаблівым кантролі ў раёне павінна знаходзіцца забеспячэнне грамадскай бяспекі і парадку. Кіраўнікам арганізацый старшыня райвыканкама нагадаў, што ад іх зацікаўленасці напрамую залежыць захаванасць маёмасці на падведамасных аб’ектах і тэрыторыях. Напрыканцы Андрэй Садоўскі прапанаваў прапрацаваць пытанне аб магчымасці ўкаранення на Дзятлаўшчыне платнай паслугі відэакантролю ад Белтэлекама, што таксама з’яўляецца дзейснай мерай барацьбы з крадзяжамі.

Гэтыя прапановы і тыя, што прагучалі ў час абмеркавання праблемных пытанняў, будуць уключаны ў рашэнне райвыканкама для далейшай актывізацыі работы ў гэтых кірунках.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ