У кірмаша вакансій – новы фармат

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Пра сітуацыю на рынку працы і пра тое, як на Дзятлаўшчыне праходзяць кірмашы вакансій, расказала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань.

– Пад уплывам эпідэміялагічнай сітуацыі кірмашы вакансій у нашым раёне перайшлі з рэальнага ў віртуальны фармат, – зазначае Алена Мікалаеўна. – Першы анлайн-кірмаш мы ладзілі 14 кастрычніка 2020 года. У ім прынялі ўдзел два наймальнікі – цэнтральная раённая бальніца і санаторый “Радон”, якія падалі 76 вакансій. На электронную пляцоўку звярнуліся 4 суіскальнікі.

Апошні анлайн-кірмаш прайшоў 17 лютага. Дзятлаўскае ПМС і лясгас прапаноўвалі 17 вакансій. Электронны кірмаш “наведалі” 3 суіскальнікі.

Плануецца, што сёлета ў жніўні ў электроннным фармаце пройдзе яшчэ адзін кірмаш вакансій.

– Якія перавагі такога фармату для грамадзян?

– Пры наяўнасці доступу да інтэрнэта электронны фармат дазваляе непрацуючым грамадзянам і людзям, якія шукаюць варыянты працаўладкавання, у рэжыме рэальнага часу задаць свае пытанні наймальніку або выслаць яму рэзюмэ. Электронныя кірмашы ладзяцца на адзінай інфармацыйнай пляцоўцы e-vacancy.by, куды без рэгістрацыі можа зайсці любы жадаючы. Там ёсць магчымасць прагледзець усе кірмашы вакансій, якія праходзяць анлайн як па рэспубліцы ў цэлым, так і ў рэгіёнах у прыватнасці. Ведаю, што некаторым людзям лягчэй задаваць свае пытанні не асабіста пры сустрэчы, а менавіта з дапамогай камп’ютара.

– Якім чынам удзельнічаюць у анлайн-кірамашах наймальнікі?

– Адзіная інфармацыйная пляцоўка e-vacancy.by звязана з парталам дзяржаўнай службы занятасці. Таму наймальнік, які вырашыў паўдзельнічаць у віртуальным кірмашы вакансій, павінен зарэгістравацца на партале дзяржаўнай службы занятасці з выкарыстаннем электронна-лічбавага подпісу. Там жа трэба размясціць вакансіі, якія пасля экспартуюцца на электронны кірмаш.

У сваю чаргу, наша ўпраўленне стварае віртуальную пляцоўку для кірмаша вакансій, вызначае час яго правядзення, запрашае наймальнікаў і грамадзян. Звычайна мы анансуем будучае мерапрыемства праз раённую газету “Перамога”, сайт райвыканкама, наш інфармацыйны стэнд.

Як паказала практыка, у анлайн-кірмашах удзельнічаюць і людзі сярэдняга працаздольнага ўзросту, і моладзь.

– Якая сітуацыя склалася на рынку працы раёна?

– На канец 2020 года ўзровень беспрацоўя складаў 0,2 % ад агульнай колькасці занятага насельніцтва Дзятлаўшчыны, а напружанасць на рынку працы – 0,05 %. Як бачым, колькасць вакансій у раёне значна перавышае колькасць беспрацоўных: сёння актуальна 441 вакансія, з іх 190 – па рабочых прафесіях.

З пачатку 2021 года ў нашу службу занятасці ўжо звярнулася 60 грамадзян, сярод якіх – 36 беспрацоўных. Працаўладкаваны за гэты час 42 чалавекі, у тым ліку 23 беспрацоўныя. Яшчэ 3 жыхары раёна накіраваны на навучальныя курсы: адзін – пад заказ наймальніка (для Мінскага метрапалітэна), два хочуць адкрыць сваю справу і вывучаюць “Асновы прадпрымальніцкай дзейнасці”.

– Ці варта сёлета чакаць кірмашоў вакансій у рэальным фармаце?

– Безумоўна, нам гэтага хочацца. Электронныя кірмашы ацанілі яшэ не ўсе жыхары раёна. Многім больш зручна задаваць пытанні і ўспрымаць інфармацыю ўжывую. Аднак прагрэс крочыць наперад, і ў гэтым таксама ёсць свае плюсы, асабліва пры абавязковым дыстанцыраванні.

Ірына СТЫРНІК