У сродках масавай інфармацыі ўжо надрукаваны праект Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2021-2025 гады, ідзе яго абмеркаванне, якое будзе завершана на VI Усебеларускім народным сходзе.
Па каментарыі да раздзела “Паляпшэнне якасці жыцця насельніцтва” ў частцы ўзмацнення сацыяльнай падтрымкі мы звярнуліся да кіраўніка структурнага падраздзялення райвыканкама – начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алены Васкель.
– У Праграме засяроджана увага ў тым ліку на тых накірунках, якія хвалююць мяне, як практыка. Па-першае, укараненне гнуткіх формаў занятасці насельніцтва: надомная праца, аддаленая занятасць, гнуткі рэжым рабочага часу, іншае. Упэўнена, што іх выкарыстанне дазволіць уключыць у эканоміку большую колькасць незанятых грамадзян, знізіць узровень беспрацоўя, прывабіць людзей, якія з-за фізічных магчымасцяў ці іншых прычын не могуць цэлы дзень працаваць у арганізацыях. Сярод пытанняў, якія тычацца эфектыўнай занятасці, хацелася б падняць пытанне пераходу на электронныя працоўныя кніжкі. Гэта палегчыць жыццё не толькі работнікам, але і наймальнікам, спецыялістам службаў занятасці, а таксама знізіць рызыку страты звестак аб працоўнай дзейнасці, пасадах, умовах працы, страхавым стажы. Работнікі будуць абаронены ад недобрасумленных наймальнікаў, якія зацягваюць выдачу працоўных кніжак пры звальненні, а ў наймальнікаў знізіцца дакументаабарот.
Другі накірунак тычыцца павышэння даходаў насельніцтва. Важнае значэнне тут мае пераход на шматузроўневую пенсійную сістэму. Цяпер у нас дзейнічае размеркавальная пенсійная сістэма, калі 35 % заробку адлічваецца ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва і яны там не назапашваюцца, а выкарыстоўваюцца на бягучыя патрэбы – пенсіі, дапамогі на дзяцей, аплату бальнічных. Адпаведна пры накапляльнай пенсійнай сістэме работнік або наймальнік робіць рэгулярныя адлічэнні ў страхавую кампанію. Гэтыя ўзносы не абкладаюцца падаткам, іх адлічваюць з той часткі зарплаты, якая застаецца пасля выплаты падаткаў і гэтыя сродкі інвестуюцца кампаніямі ў дзяржаўныя каштоўныя бумагі, банкаўскія дэпазіты, іншае. Па дасягненні пенсійнага ўзросту кліент атрымлівае прыбаўку да дзяржаўнай пенсіі. Калі вывучаць вопыт іншых дзяржаў, то мы бачым, што ў большасці з іх існуе як накапляльная, так і размеркавальная сістэмы. Для Беларусі, дзе скарачаецца доля працаздольнага насельніцтва і павялічваецца доля пажылых людзей, гэта актуальна.
Што тычыцца ўзмацнення адраснай сацыяльнай дапамогі, на маю думку, ужо сёння робіцца шмат. Гэта адрасная сацыяльная дапамога у выглядзе штомесячнай дапамогі, аднаразовай дапамогі, забеспячэння прадуктамі харчавання дзяцей першых двух гадоў жыцця, выплаты дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі на набыццё падгузнікаў для інвалідаў. Што варта змяніць? Мы за тое, каб разгледзець магчымыя варыянты павелічэння для асобных катэгорый грамадзян памеру дапамогі па беспрацоўі. Напрыклад, для асобаў якім 1-1,5 года засталося да пенсіі і яны ў выпадку рэарганізацыі прадпрыемства ці скарачэння засталіся без работы, а таксама для грамадзян, якія жывуць у мясцовасці са складанай сітуацыяй на рынку працы.
Шмат у нашай дзяржаве робіцца і па сацыяльным абслугоўванні насельніцтва. Сацыяльныя работнікі дапамагаюць пажылым людзям, інвалідам, пенсіянерам. Мяркую, яшчэ варта пашырыць магчымасці для сем’яў, якія жадаюць карыстацца паслугамі нянькі, не абмяжоўваючыся шматдзетнымі сем’ямі і сем’ямі, дзе нарадзіліся двойні. Бо, ёсць і іншыя сем’і, дзе з-за жыццёвых абставінаў адчуваецца патрэба на пэўны час пакідаць дзіця пад наглядам.
Спадзюся, што на VI Усебеларускім народным сходзе будуць разгледжаны такія магчымасці і прыняты правільныя рашэнні, якія паспрыяюць паляпшэнню жыцця насельніцтва.
Ірына СТЫРНІК