Першымі ад COVID-19 прышчапіліся медыкі

Галоўнае Грамадства

У Дзятлаўскім раёне пачалася вакцынацыя супраць каранавірусу.

Першыя прышчэпкі былі зроблены медыцынскім работнікам – супрацоўнікам Дзятлаўскай райбальніцы і раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

– На Дзятлаўшчыну паступіла першая партыя вакцыны «Гам-КОВИД-Вак» вытворчасці Расійскай Федэрацыі (гандлёвая назва “Спадарожнік V”). Дзятлаўскай раённай бальніцай атрымана 80 доз вакцыны, – адзначыў галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Алег Анцух. – Названая вакцына патрабуе асаблівых умоваў захоўвання, падтрымання тэмпературнага рэжыму не вышэй за -18 градусаў цэльсія. Для гэтага нашай установай было набыта маразільнае абсталяванне для захоўвання і транспарціроўкі вакцыны: маразільны куфар “AUKMA”, які падтрымлівае тэмпературу ад -12 да -40 градусаў, і два тэрмакантэйнеры для пераноскі вакцыны ў працэдурны кабінет.

Карэспандэнтка газеты “Перамога” наведала Дзятлаўскую райпаліклініку, каб паназіраць за пастаноўкай першых прышчэпак. У першы дзень вакцынацыі іх прыйшлі атрымаць дзесяць чалавек.

– Праводзім вакцынацыю ў два этапы: спачатку ўводзім у дэльтападобную мышцу першы кампанент у дозе 0,5 мл, на 21-ы дзень пасля гэтага ўводзім другі кампанент у такой самай дозе, – растлумачылі асаблівасці вакцынацыі ў райпаліклініцы.

Абавязковы этап перад атрыманнем прышчэпкі – наведванне тэрапеўта. Тут правяраюць агульны стан здароўя, вымяраюць тэмпературу, ціск, уважліва праглядаюць амбулаторную медыцынскую картку, каб не дапусціць супрацьпаказанняў.

Наступны этап – працэдурны кабінет. Пры пастаноўцы прышчэпкі абавязкова прысутнічае доктар-тэрапеўт. Па завяршэнні працэдуры тых, хто атрымаў прышчэпку, папярэджваюць аб далейшых часовых абмежаваннях.

Праз паўгадзіны пытаюся пра самаадчуванне ў першага, хто атрымаў прышчэпку ад каранавірусу на Дзятлаўшчыне, доктара-эпідэміёлага Дзятлаўскага райЦГЭ Мікалая Дзядовіча.

– Адчуваю сябе выдатна, – адказвае Мікалай Мікалаевіч. – Спадзяюся, што стан здароўя моцна не пагоршыцца.

Згодна з інфармацыяй Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, імунізацыя насельніцтва, жадаючага вакцынавацца супраць каранавіруснай інфекцыі, будзе магчымая з красавіка 2021 года.

Наталля АВЯРЧУК



Теги: