Ход выканання намечаных спраў, якія тычацца розных сфер: прамысловасці, будаўніцтва, сельскай гаспадаркі, адукацыі, культуры, абмяркоўваўся на планёрцы ў панядзелак.
Традыцыйна Андрэй Садоўскі заслухаў справаздачы кіраўнікоў раённых службаў міліцыі і надзвычайных сітуацый.
Аб навядзенні парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах
На мінулым тыдні прайшоў аб’езд сельскіх гаспадарак раёна, у час якога правяраліся тэрыторыі жывёлагадоўчых ферм і комплексаў, машынныя двары і прылеглыя да іх тэрыторыі. Як адзначыў старшыня райвыканкама, у большасці гаспадарак сітуацыя здавальняючая. Аднак, недахопы былі таксама выяўлены. Андрэй Садоўскі даў тыдзень на іх выпраўленне, паабяцаў у суботу правесці кантрольны аб’езд.
Выклікае насцярожанасць у старшыні райвыканкама тэмп рамонту і падрыхтоўкі пасяўных агрэгатаў, машын для ўнясення мінеральных угнаенняў, паколькі гэта тэхніка першая павінна ўключыцца ў вясенне-палявыя работы.
Снег растае – нясе сюрпрызы
– У першую чаргу, падтапленні. Яны будуць, – засяродзіў увагу Андрэй Уладзіміравіч службы МНС. – Прыняць усе меры і кантраляваць сітуацыю з паводкай. Інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – абследаваць назапашвальнікі другаснай сыравіны, зношаных шын, пляцоўкі для часовай разборкі тэхнікі, таксама трымаць на кантролі пытанне чысціні на вуліцах і ў дварах шматпавярховак. Дзе ёсць неабходнасць прыняць меры – прымайце.
Веды па бяспецы. Ад тэорыі да практыкі
На гэтым тыдні стартавала акцыя “Адзіны дзень бяспекі”, якая будзе доўжыцца па 1 сакавіка. У рамках акцыі, па словах начальніка аддзела РАНС Сяргея Казушчыка, будзе праведзена тлумачальная работа з насельніцтвам, у працоўных калектывах – тэматычныя сустрэчы. Мерапрыемствы не абмяжуюцца толькі размовамі – усе ўдзельнікі на практыцы адпрацуюць атрыманыя веды на створаных арганізатарамі пляцоўках.
Культурны тыдзень
Багаты на святочныя, урачыстыя мерапрыемствы выдаўся бягучы тыдзень. Як заўважыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, канцэртныя праграмы да Дня абаронцаў Айчыны праходзяць не толькі ў райцэнтры, але і ва ўсіх сельскіх дамах культуры, у чацвер раённы Савет ветэранаў падвядзе гадавыя вынікі, на выхадныя дзятлаўскую каманду чакае ўдзел у абласной лыжні, а 27 лютага Дзятлава запрашае жыхароў і гасцей горада на святкаванне “Провадаў зімы”.
Старшыня райвыканкама даручыў жыллёва-камунальнай гаспадарцы падрыхтаваць плошчу горада для арганізацыі і правядзення святочных мерапрыемстваў.
Таксама на планёрцы Андрэй Уладзіміравіч паставіў задачу сваім намеснікам кантраляваць своечасовасць выплаты заработнай платы ў арганізацыях і разліку прадпрыемствамі за энергарэсурсы, прадоўжыць работу па аб’ектах раённай інвестпраграмы.
Ірына КАМАРОВА