Матчынай песняю, чыстай крыніцаю
Мова звініць мая.
Чэрпаю прыгаршчай, прагну напіцца
Гукамі роднымі я.
Водар, завея, вавёрка, брусніцы…
Безліч прыгожых слоў.
Рокат грымотаў і бляск бліскавіцы,
Клёкат белых буслоў…
Тут верас красуе, вясёлка іграе,
Чабор мядовы цвіце.
Родныя вобразы, мілага краю –
Нізка светлых надзей.
Хай матчына мова ракою струменіцца,
З вуснаў дзіцячых звініць,
Хай роднае слова, як золата, цэніцца,
Дакуль на Зямлі будзем жыць.
Стужкаю ўецца лясная сцяжына,
Бяжыць да вясковых хат.
Мая, Беларусь, – ты святая Радзіма,
Квітней, як вясновы сад!
Ірына КАЎКЕЛЬ