Каго аб’яднаў Год народнага адзінства?

Галоўнае Грамадства

17 лютага пад сімвалічнай назвай “Возьмемся за рукі, сябры!” прайшла чарговая сустрэча ўдзельнікаў клуба “Пазнай-ка”, які працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна.

– Сённяшняе мерапрыемства прысвечана Году народнага адзінства, – звярнулася да прысутных загадчыца аддзялення Галіна Касцюк. – На ўсебеларускім форуме Прэзідэнт заклікаў беларусаў ацаніць па-сапраўднаму зробленае і ўбачанае, адзначыў, што беларусы – нацыя, здольная выжыць у гэтым віхорным свеце толькі тады, калі мы адзіныя. Трэба ствараць каштоўнасці сваімі рукамі, берагчы і шанаваць сваю Айчыну.

Вядучыя мерапрыемства Алена Якаўчык і Міхаіл Лук’янчык нагадалі прысутным шмат цікавых фактаў пра нашу любімую Беларусь і Дзятлаўшчыну ў прыватнасці, прапанавалі паўдзельнічаць у інтэрактыўнай хвілінцы і ўзгадаць галоўныя царкоўныя і грамадскія святы беларусаў.

Затым сваімі ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу падзялілася дэлегат Таццяна Нікіпорчык.

– Я ўпэўнілася, што наша краіна ідзе правільным шляхам, я ўбачылася з людзьмі, якія “будавалі” нашу краіну пасля распаду Савецкага Саюза, – зазначыла Таццяна Сямёнаўна. – Словы Прэзідэнта знайшлі водгук у маёй душы. Я згодна, што да дабрабыту Беларусь ішла многія гады, і мы павінны цаніць тое, чаго дасягнулі разам. Мы прывыклі жыць спакойна і мірна – і нам здавалася, што так будзе заўжды. Каляровыя рэвалюцыі нікому не прынеслі шчасця. Нам трэба згуртавацца і пазбегнуць разладу.

У тым, што Беларусь – гасцінная краіна, а беларусы – братэрскі народ для выхадцаў з былых рэспублік СССР, прысутных пераканалі аповеды ўдзельнікаў клуба “Пазнай-ка”, якія хто некалькі дзесяцігоддзяў таму, а хто нядаўна, прыехалі жыць на Дзятлаўшчыну.

Таццяна Хілімончык, руская:

– Мая малая радзіма – Белгародчына, паўднёвы захад Расійскай Федэрацыі, стэпавая зона. З мужам я пазнаёмілася ва Украіне, затым волей лёсу трапіла ў Беларусь.

Ужо 32 гады жыву тут, выгадавала дзяцей, выйшла на пенсію. Беларусь стала для мяне другой радзімай, вяртацца не збіраюся.

Валянціна Марцукевіч, малдаванка:

– Малдавія майго дзяцінства (цяпер Малдова) – гэта грэцкія арэхі і чарэшні абапал дарог і ў лесапаласе, гэта гектары вінаграднікаў. У нашай мясцовасці было пяць азёраў, рыбная гаспадарка. Я пакінула малую радзіму ў 19-гадовым узросце. Мой муж родам з Хадзяўлян, таму на Дзятлаўшчыне жыву ўжо 36 гадоў, тут выраслі дзеці. Радуе, што і ў наш час беларусаў у краінах-суседках паважаюць і прымаюць гасцінна. Беларусь – мой другі дом, дзе я “пусціла карані”.

Таміла Крышаловіч, украінка:

– Больш за 50 гадоў жыву ў Беларусі, а нарадзілася ў Хмяльніцкай вобласці Украіны. У нашых краін агульная гістарычная спадчына, бо паўночныя тэрыторыі Украіны былі ў складзе ВКЛ, як і Беларусь. За дзесяць кіламетраў ад майго роднага паселішча – горад Астрог, вотчына Канстанціна Астрожскага, які з’яўляецца заснавальнікам Дзятлава. Нават прозвішчы тут і ў нашай мясцовасці сустракаюцца аднолькавыя. У нас шмат агульнага, і тут я ўжо прыжылася. Гэта цудоўная краіна лясоў і замкаў.

Міль Шарыпаў, казах:

– У Беларусі я жыву ўсяго паўгода, а родам з паўночнага Казахстана. Пазней працаваў на шахтах у Карагандзе, армейскую службу праходзіў у Манджурыі, праводзіў эксперыменты ў Данбасе, абменьваўся вопытам у Кузбасе і Варкуце, нездарма ў песні спяваецца “Мой адрас – Савецкі Саюз”. Я выкладаў у ВНУ, з’яўляюся прафесарам горных навук, працоўны стаж складае больш за 59 гадоў. Я ведаў многіх беларусаў, а некалькі гадоў таму мужа маёй дачкі запрасілі працаваць у Мінск, дзе яны цяпер жывуць. У 2019 годзе я адпачываў на “Альфа-Радоне”, пабачыў прыгажосць беларускай прыроды, тады і вырашылі пераехаць з жонкай ў Беларусь. Спадабалася Дзятлаўшчына, дзе і набылі кватэру. У мудрым узросце чалавеку хочацца спакою і павагі, гэта тут у нас ёсць. Спадзяёмся праз пяць гадоў атрымаць беларускае грамадзянства.

Пасля такіх цёплых гісторый вядучым нічога не заставалася, як прапанаваць прысутным “Возьмемся за рукі, сябры!”. Усе разам удзельнікі мерапрыемства праспявалі вядомую песню і развіталіся да новых сустрэч.

Ірына СТЫРНІК



Теги: