“Да абароны Айчыны гатовы!”

Важнае Грамадства

Пад такой назвай з 21 па 23 лютага на Дзятлаўшчыне будзе праходзіць штогадовая рэспубліканская акцыя ГА “БРСМ” і ГА “БРПА”, прымеркаваная да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Фарміраванне ў моладзі паважлівых адносінаў да сваёй Радзімы, развіццё ўстойлівага жадання садзейнічаць кансалідацыі грамадства і росквіту Беларусі, гатоўнасць да яе абароны – галоўныя мэты патрыятычнага выхавання, якое з’яўляецца адным з найважнейшых накірункаў дзейнасці Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Сёння няма неабходнасці даказваць, што толькі той народ, які выхоўвае моладзь на прыкладзе сваёй гераічнай гісторыі, можа быць упэўнены ў заўтрашнім дні.

А таму, як зазначыла першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, моладзевы праект “Да абароны Айчыны гатовы!” накіраваны менавіта на фарміраванне ў маладых людзей якасцяў грамадзяніна-патрыёта і папулярызацыю вайсковай службы.

Акцыя традыцыйна праходзіць пры падтрымцы і з удзелам супрацоўнікаў Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Сёлета таксама плануецца, што ў час акцыі для моладзі Дзятлаўшчыны ва ўстановах адукацыі раёна будуць арганізаваны спаборніцтвы па дапрызыўнай падрыхтоўцы, сустрэчы з работнікамі раённага ваеннага камісарыяту, ратаўнікамі, супрацоўнікамі міліцыі. З першых вуснаў навучэнцы даведаюцца, з чаго складаюцца службовыя будні гэтых людзей.

Рэспубліканская акцыя “Я служу”

Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі 15 лютага дасць старт патрыятычнай акцыі “Я служу!”, прымеркаванай да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Для бацькоў юнакоў прызыўнога ўзросту, а таксама для бацькоў ваеннаслужачых тэрміновай службы па ўсёй рэспубліцы будуць ладзіцца экскурсіі ў ваенныя часці. Там гасцей азнаёмяць з умовамі службы, пакажуць ім форменнае абмундзіраванне, прадэманструюць тэхніку, узбраенне і вучэбна-матэрыяльную базу, раскажуць пра нормы харчовага забеспячэння і як праходзіць вольны час ваеннаслужачых.

Таксама бацькі юнакоў змогуць сустрэцца з камандаваннем часцей і злучэнняў. У час такіх сустрэч яны даведаюцца пра гісторыю і традыцыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, канстытуцыйныя і прававыя асновы вайсковай службы, у тым ліку службы па кантракце, пра адказнасць вайскоўцаў.

Акцыя скіравана на фарміраванне ў беларускіх юнакоў і іх бацькоў станоўчага іміджу службы ў арміі.

Ірына СТЫРНІК