Чыстых ад радыяцыі зонаў стала больш

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 2021 года № 75 зацверджана новая рэдакцыя пераліку населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджвання.

Якое значэнне дакумент будзе мець для некаторых нашых землякоў, тлумачыць кіраўнік структурнага падраздзялення Дзятлаўскага райвыканкама – начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Алена Васкель.

– На Дзятлаўшчыне, паводле новага пераліку, да забруджаных зонаў цяпер адносяцца 14 населеных пунктаў, – зазначае Алена Раманаўна. – Гэта гарадскі пасёлак Наваельня; у Данілавіцкім сельсавеце – вёскі Барташы, Боцкавічы, Ведравічы, Варакомшчына, Карыца-1, Аханяны, Рыбакі; у Дварэцкім селсавеце – аграгарадок Дварэц, вёскі Рыбалава, Старына, Суцькі, Цяцейкі; у Дзятлаўскім – вёска Навасёлкі.

У параўнанні з 2016 годам з пераліку выключаны 8 населеных пунктаў раёна. Чыстымі сталі аграгарадок Данілавічы, вёскі Панікарты, Паўсаты, Літаварцы, Яхноўшчына, Баравікі, Муляры, Селівонкі. Такім чынам, хоць і павольна, але працэсы самаачысткі тэрыторый забруджвання адбываюцца, – падкрэслівае Алена Васкель.

Таксама яна нагадала, што пералік населеных пунктаў і аб’ектаў, якія знаходзяцца ў зонах радыяактыўнага забруджвання, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, пераглядаецца адзін раз у 5 гадоў і карэкціруецца ў залежнасці ад змены радыяцыйнай абстаноўкі.

Жыхарам тэрыторый з радыяактыўным забруджваннем прадастаўляюцца пэўныя льготы, што вызначана Законам Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2009 года № 9-3 “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый”.

Так, артыкул 23 Закона прадугледжвае сацыяльную падтрымку для насельніцтва, якое пастаянна (пераважна) пражывае ў зоне з перыядычным радыяцыйным кантролем. У ліку сацыяльных гарантый – водпуск па цяжарнасці і родах для жанчын. У жыхарак такіх зон ён пачынаецца з 27 тыдня цяжарнасцi і доўжыцца 146 каляндарных дзён (у выпадку ўскладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей – 160 каляндарных дзён), незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў.

Пераважнае права на залічэнне пры роўнай агульнай колькасці балаў для атрымання прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацый у парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, з забеспячэннем іншагародніх навучэнцаў месцамі ў інтэрнатах на перыяд навучання маюць абітурыенты гэтай жа катэгорыі. Таксама для такіх выпускнікоў прадугледжаны прыём па-за конкурсу на факультэты даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, падрыхтоўчыя аддзяленнi з абавязковым забеспячэннем іншагародніх месцамі ў інтэрнатах.

Непаўналетнія жыхары такіх зонаў забяспечваюцца бясплатным санаторна-курортным лячэннем (пры наяўнасці медыцынскіх паказанняў і адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў) або аздараўленнем (пры адсутнасці медыцынскіх супрацьпаказанняў) тэрмінам адзін месяц і менш у парадку і на ўмовах, якiя вызначаны заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Таксама для такіх непаўналетніх прадугледжаны бясплатны праезд на чыгуначным транспарце агульнага карыстання ў цягніках рэгіянальных ліній эканомкласа, на ўнутраным водным транспарце агульнага карыстання, якi ажыццяўляе прыгарадныя перавозкі пасажыраў, на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, якi ажыццяўляе прыгарадныя аўтамабільныя перавозкі пасажыраў, акрамя таксі, у цягніках рэгіянальных ліній бізнес-класа, міжрэгіянальных ліній, вагонах або цягніках міжнародных ліній Беларускай чыгункі (у межах Рэспублікі Беларусь), на ўнутраным водным транспарце агульнага карыстання, якi ажыццяўляе міжгароднія перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, або аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, якi ажыццяўляе міжгароднія аўтамабільныя перавозкі пасажыраў у рэгулярных зносінах, ад месца жыхарства да месца санаторна-курортнага лячэння і назад, а таксама па накіраванні дзяржаўных арганізацый аховы здароўя ад месца жыхарства да месца дыспансернага, амбулаторнага цi клiнiчнага абследаванняў (лячэння) і назад на ўмовах i ў парадку, якiя вызначаюцца Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь. Таксама для такіх дзяцей забяспечваецца бясплатны праезд у пасажырскіх цягніках або вагонах Беларускай чыгункі, на аўтамабільным транспарце агульнага карыстання, якi ажыццяўляе аўтамабільныя перавозкі пасажыраў ад месца жыхарства да месца санаторна-курортнага лячэння або аздараўлення і назад пры накіраванні на санаторна-курортнае лячэнне або аздараўленне ў складзе арганізаваных груп у санаторна-курортныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку размешчаныя за межамі Рэспублікі Беларусь.

Яшчэ адна льгота, якой карыстаюцца дзеці з забруджаных зон – гэта бясплатнае харчаванне на перыяд атрымання агульнай сярэдняй або спецыяльнай адукацыі на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі ў пачатковых, базавых, сярэдніх школах, гімназіях, ліцэях, вучэбна-педагагічных комплексах (акрамя сярэдніх школ алімпійскага рэзерву), у спецыяльных агульнаадукацыйных школах, дапаможных школах.

Зразумела, што змяненне статусу населеных пунктаў у сувязі з самаачысткай іх тэрыторый, адмяняе льготы для іх жыхароў. Часам, людзі, якія прывыклі карыстацца “радыяцыйнымі бонусамі” ўспрымаюць гэта без асаблівага энтузіязму. Аднак варта парадавацца таму, што населены пункт стаў чыстым, а значыць, больш спрыяльным для здароўя і даўгалецця.

Ірына СТЫРНІК