Аляксандр Бараноўскі: “У цэнтры ўвагі – чалавек”

Важнае Грамадства

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі – дэлегат VI Усебеларускага народнага сходу – падзяліўся ўражаннямі ад форуму.

 

– Дні, якія мы правялі ў сталіцы, былі хвалюючымі і адказнымі. На ўсебеларускім сходзе панавала прыўзнятая і ў той жа час сур’ёзная, па-дзяржаўнаму дзелавая атмасфера. У час форуму былі абмеркаваны тэмы, якія закранаюць розныя бакі жыцця беларускага грамадства. На адной пляцоўцы для канструктыўнага дыялогу сабраліся прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў – людзі розных прафесій, пакаленняў, сацыяльных груп. Таму Усебеларускі народны сход можна лічыць сапраўдным інстытутам народаўладдзя. Разам мы абмеркавалі стратэгічныя накірункі развіцця краіны, той курс, якім павінна “ісці” Беларусь у бліжэйшыя пяць гадоў. Кожны ўдзельнік форуму разумеў, што ад прынятых рашэнняў залежыць лёс нашай Айчыны і будучыня дзяцей.

Вельмі глыбокім, змястоўным быў даклад Прэзідэнта, а яго выступленне – шчырым і энергічным. У ім лейтматывам гучала, што ў цэнтры ўвагі ў Беларусі быў, ёсць і будзе чалавек, яго дабрабыт і бяспека.

Тэма развіцця рэгіёнаў была мне асабліва блізкай. Зразумела, што моцныя рэгіёны робяць моцнай нашу краіну. На працягу новай пяцігодкі ў Беларусі плануецца актыўна развіваць малыя гарады і аграгарадкі, ствараць у іх умовы для замацавання кадраў і магчымасці для льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля. Упэўнены, што гэта будзе заахвочваць маладое пакаленне вяртацца на малую радзіму, укладваць у яе развіццё і працвітанне свае веды, энергію, талент.

Вельмі спадабаўся святочны канцэрт, дзе ў кожным выступленні майстроў беларускага музычнага мастацтва нібыта гучала “За Беларусь!”, моцную, прыгожую, любімую, незалежную.

Ад маштабнага форуму ўсе мы атрымалі пасыл, скіраваны на захаванне адзінства і стабільнасці ў беларускім грамадстве і роднай краіне. Усвядомілі, што сёння, як ніколі, важна ўмацоўваць нашу дзяржаву, дасягаць ладу ў народзе. Калі мы згуртуемся – Беларусь прадоўжыць паступовы рух на шляху да міру і прагрэсу. Пачынаць станоўчыя змены, безумоўна, трэба з сябе. Давайце задумаемся, што кожны з нас можа зрабіць для сваёй краіны. Найперш, мы павінны любіць нашу Беларусь і вучыць гэтаму сваіх дзяцей і ўнукаў.

Ірына СТЫРНІК

 



Теги: