Віншаванні і грашовы сертыфікат ад прафсаюза

Важнае Грамадства

13 студзеня Дзятлаўшчыну наведаў старшыня рэспубліканскага прафкама Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых установаў Сяргей Халява.

Нагода для візіту была прыемнай: Сяргей Фадзеевіч выканаў абяцанне, якое даваў калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна напрыканцы снежня 2020 года – падарыць дарожныя веласіпеды сацыяльным работнікам. Праўда, замест двухколавых транспартных сродкаў прафсаюзны лідар прывёз Цэнтру сацабслугоўвання грашовы сертыфікат на адну тысячу рублёў, але ўсе гэтыя сродкі, як запэўніла дырэктар установы Таццяна Нікіпорчык, плануецца накіраваць менавіта на пакупку веласіпедаў.

– У студзені вы святкуеце прафесійнае свята – Дзень работнікаў сацыяльнай абароны, – адзначыў Сяргей Халява. – Таму я пастараўся прывезці падарунак цяпер, не адкладваючы сваё абяцанне. Тым больш, што для гэтага ёсць нагода: нядаўна Беларускі прафсаюз работнікаў дзяржаўных і іншых установаў пачаў рэалізацыю праграмы па падтрымцы тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Раёнаў у Беларусі шмат, і ў першую чаргу мы пастараемся падтрымаць тых, хто станоўча пра сябе заявіў. Дапамогу ўжо атрымалі вашы калегі з Віцебскай вобласці, сёння яе дачакаліся і вы.

Сяргей Халява ўручыў грашовы сертыфікат дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання Таццяне Нікіпорчык.

Новыя веласіпеды сапраўды дазволяць палепшыць якасць умоваў працы нашых сацыяльных работнікаў, – падзякавала прафсаюзнаму лідару за падарунак Таццяна Сямёнаўна. – Гэтыя простыя транспартныя сродкі дапамагаюць скараціць час знаходжання ў дарозе, дазваляюць не траціць шмат сілаў пры дастаўцы цяжкіх сумак з прадуктамі і рэчамі першай неабходнасці для бабуляў і дзядуляў, якія абслугоўваюцца на даму. Упэўнена, што веласіпеды дапамогуць нашым сацыяльным работніцам яшчэ больш якасна і хутка спраўляцца з працоўнымі абавязкамі.

Да віншаванняў, якія прагучалі на адрас работнікаў Цэнтра, далучыліся таксама старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў дзяржустановаў Ірына Жэгала і начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель.

Алена Раманаўна выканала яшчэ адну прыемную місію: да прафесійнага свята ўручыла Падзячныя пісьмы старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Садоўскага лепшым па выніках работы ў 2020 годзе сацыяльным работніцам аддзялення сацыяльнага абслугоўвання на даму – Алене Краўчук, Аліне Бойка, Таццяне Каско, Ганне Майдабуравай, Святлане Крэйдзіч і інспектару па асноўнай дзейнасці Святлане Лагуцінай.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ