Прадаўжае работу грамадская прыёмная пры раённым аб’яднанні прафсаюзаў.
Сумесны прыём у ёй правялі старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі і старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык.
– Грамадская прыёмная створана для таго, каб жыхары як горада, так і раёна маглі звярнуцца з пытаннямі, праблемамі і ініцыятывамі, а таксама выказаць прапановы па актуальных пытаннях развіцця краіны і рэгіёнаў. Для зручнасці жыхароў працуе і тэлефонная лінія, на якую можна патэлефанаваць, адрасаваць свае ідэі і пытанні, – расказвае аб гэтай форме работы Валерый Макарчык.
У мінулым годзе было праведзена чатыры такія грамадскія прыёмы, сёлета было прынята рашэнне павялічыць іх колькасць. За гэты перыяд усім, хто звярнуўся, былі дадзены тлумачэнні, а іх прапановы зафіксаваныя і ўлічаны.
Новы 2021 год пачаўся з унесення шэрагу змяненняў у дзяржаўнае заканадаўства ў розных сферах жыцця грамадства. Карыстаючыся выпадкам, па заканчэнні прыёму карэспандэнтка газеты “Перамога” спытала ў Валерыя Макарчыка, якія змяненні адбыліся ў прафсаюзах.
– У першай палове студзеня 2021 года былі ўнесены змяненні ў раённае пагадненне паміж Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэтам, наймальнікамі Дзятлаўскага раёна і Дзятлаўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў на 2019 – 2022 гады, якія дубліруюць абласныя пагадненні,– адзначыў кіраўнік раённай прафсаюзнай арганізацыі. – Таксама былі дапоўнены нормы па заключэнні і падаўжэнні кантрактаў, датэрміновым скасаванні кантрактаў, нормы аб аплаце прастою работнікамі з-за часовай адсутнасці работы па прычынах вытворчага або эканамічнага характару.
Цяпер пярвічныя прафсаюзныя арганізацыі павінны ўнесці адпаведныя змяненні ў свае калектыўныя дагаворы на падставе ўнесеных змяненняў у наша раённае Пагадненне.
Наталля АВЯРЧУК