Спецыялісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі прадаўжаюць маніторынг цэн на сацыяльна значныя тавары ў гандлёвых аб’ектах нашай краіны.
У адным з такіх рэйдаў разам са старшынёй Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерыем Макарчыкам паўдзельнічалі карэспандэнты раёнкі.
Спачатку мы атрымалі дазвол на фотасесію ў магазіне “Радон” у адказных спецыялістаў Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства. І вось ужо пераступаем парог гэтага гандлёвага аб’екта, які знаходзіцца ў мікрараёне шматпавярховай жылой застройкі па вуліцы Навагрудскай, а гэта значыць, што кожны дзень сюды наведваюцца сотні пакупнікоў.
Работнікі магазіна добра ведаюць, што раз на тыдзень да іх абавязкова заязджае старшыня раённага прафсаюзнага аб’яднання са спісам, у якім больш за дваццаць пазіцый тавараў, таму на нас асаблівай увагі не звяртаюць. Валерый Вячаслававіч праходзіць да магазінных паліцаў і пачынае нешта запісваць у блакнот.
Цікаўлюся, што менавіта ён робіць у час маніторынгу і навошта патрэбны такія выезды.
– З мая 2017 года Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі праводзіць штомесячны маніторынг цэн на 78 найменняў тавараў. Безумоўна гэта тыя прадукты, якія ўваходзяць у нашу спажывецкую карзіну і тавары першай неабходнасці.
З мінулага года з-за эпідэміялагічнай сітуацыі такі маніторынг было вырашана зрабіць штотыднёвым для кантролю росту цэн у перыяд распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі. Маніторым, зноў жа, галоўныя спажывецкія тавары, каб скарыстаўшыся эпідэміялагічнай сітуацыяй і высокім попытам на іх, прадстаўнікі гандлю не завышалі цэны.
У блакноце Валерыя Макарчыка па кожнай пазіцыі тавараў – тры лічбы. Гэта мінімальная, сярэдняя і высокая цана на тавар у канкрэтным гандлёвым аб’екце. Цікаўлюся, што будзе з гэтымі лічбамі далей.
– Атрыманая інфармацыя збіраецца і ўносіцца ў агульнарэспубліканскую базу Федэрацыі прафсаюзаў. Затым спецыялісты ажыццяўляюць аналіз цэн у кожным раёне, кожнай вобласці і накіроўваюць вынікі ў зацікаўленыя дзяржарганізацыі.
Безумоўна, у 2020 годзе мы адчулі, што цэны крыху ўзраслі, аднак на прадукты першай неабходнасці яны былі больш стабільнымі. Рост некаторых цэн можна патлумачыць падаражаннем сыравіны і геаграфіяй паставак з-за мяжы.
Пасля наведвання магазіна “Радон” Валерый Макарчык накіроўваецца правяраць цэны на аналагічныя тавары ў магазін “Еўраопт”, які таксама знаходзіцца ў “бойкім” месцы – па вуліцы Слонімскай на выездзе з горада.
Напрыканцы цікаўлюся ў старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў, чаму для рэгулярнага маніторынга былі выбраны менавіта два гэтыя гандлёвыя аб’екты райцэнтра.
– Абавязковымі для маніторынгу ў кожным раёне павінны быць магазін крокавай даступнасці, у Дзятлаве такім быў выбраны “Радон”, і сецявы магазін, як вы ўжо зразумелі, гэта “Еўраопт”. Кожны тыдзень для праверкі цэн я наведваю менавіта гэтыя гандлёвыя аб’екты.
Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ