Ларыса Кучынская: “Медыцына павінна быць даступнай як для гараджан, так і для вяскоўцаў”

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Загадчыца Жукоўшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта Ларыса Кучынская вылучана Дзятлаўскім раённым Саветам дэпутатаў дэлегатам на VI Усебеларускі народны сход.

Напярэдадні ўсерэспубліканскага форуму Ларыса Віктараўна паразважала аб тым, што ўжо зроблена і што яшчэ хацелася б зрабіць.

– Сістэма аховы здароўя Рэспублікі Беларусь займае дастойнае месца ў свеце. Яе ўстойлівая мадэль з бюджэтнай формай фінансавання даказала свае перавагі, асабліва ў час барацьбы з каранавіруснай інфекцыяй.

За апошнія пяць гадоў у нашай краіне праведзена значнае тэхнічнае перааснашчэнне медыцынскай галіны. Дзякуючы абласной і рэспубліканскай падтрымцы, набыта нямала дарагога абсталявання. На вачах мяняецца аблічча бальніц, амбулаторый, ФАПаў.

У 2017 годзе на нашым Жукоўшчынскім ФАПе таксама быў зроблены капітальны рамонт памяшканняў і фасада будынка, набыта мэбля, створаны безбар’ерны доступ пацыентаў.

Сёння ў зону абслугоўвання Жукоўшчынскага ФАПа ўваходзіць сем вёсак, дзе жывуць 637 чалавек, сярод якіх 103 – гэта дзеці. За 32 гады работы ўсе гэтыя людзі сталі мне не чужымі. Мая мэта – захаваць і палепшыць іх здароўе. Упэўнена, што кожны пацыент, незалежна ад таго жыве ён у горадзе ці ў вёсцы, павінен атрымліваць кваліфікаваную і даступную медыцынскую дапамогу.

Мяркую, каб не страціць таго, што ўжо маем ў галіне медыцыны і аховы здароўя, а таксама памножыць набыткі, важна і надалей капітальна рамантаваць і аснашчаць сучасным абсталяваннем медыцынскія ўстановы Беларусі, рыхтаваць кваліфікаваных маладых спецыялістаў з наступным размеракаваннем, спрыяць іх замацаванню, асабліва ў сельскай мясцовасці, эканомна і рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя і фінансавыя рэсурсы. Спадзяюся ўсе гэтыя пытанні будуць улічаны на VI Усебеларускім народным сходзе і ўключаны ў Праграму развіцця, каб у наступныя пяць гадоў якасць беларускай медыцыны яшчэ больш палепшылася.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup



Теги: