З 11 па 17 студзеня 2021 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 57 паведамленняў, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 23 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 30 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 26 правапарушальнікаў, узбуджана 5 крымінальных спраў.
З-за госця засталася без посуду
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу на жыхара райцэнтра, 1972 года нараджэння. Мужчына 29 снежня 2020 года быў у гасцях у жыхаркі горада Дзятлава. Замест удзячнасці госць забраў з сабой чатыры чайныя сервізы, бакалы і іншую маёмасць. Гасціннасць каштавала гаспадыні 183 рублі.
Час мінуў – правапарушэнне засталося
Са снежня 2018 года па люты 2019-га наш зямляк, 1963 года нараджэння, выконваў абавязкі дырэктара адной з арганізацый Дзятлаўскага раёна. У гэты час шляхам прысваення ён учыніў крадзеж чатырох шлангаў з трыма фітынгамі, корпуса прыбора, двух трамбовак, чым нанёс арганізацыі ўрон на 311 рублёў. У студзені 2021 года на яго ўзбуджана крымінальная справа.
Папера – не сцерпіць
На брыгадзіра адной з малочнатаварных фермаў нашага раёна ўзбуджана крымінальная справа за службовую падробку дакументаў. У верасні і лістападзе 2020 года жанчына ўносіла ілжывыя звесткі ў афіцыйныя дакументы. За прыпіскі ёй давядзецца адказаць перад судом.
Канфіскавалі самагон
15 студзеня 2021 года праваахоўнікі знайшлі ў каморы ў аднаго з жыхароў Парэцкага сельскага савета і канфіскавалі 6,2 літра самагона.
Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама