Крымінальная хроніка. Здарэнні мінулага тыдня

Важнае Здарэнні і бяспека

З 4 па 10 студзеня 2021 года ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 55 паведамленняў, 4 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 23 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 28 – аб іншых здарэннях.

Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 17 правапарушальнікаў, узбуджана 4 крымінальныя справы.

Што не падзялілі дзве кампаніі?

Пасля трох гадзін ночы 6 студзеня на плошчы 17 Верасня ў Дзятлаве адбылася бойка паміж маладымі людзьмі. Кампанія з трох жыхароў гарадскога пасёлка Наваельня і жыхара Баранавічаў з хуліганскіх пабуджэнняў напала на двух жыхароў аграгарадка Дварэц. Па факце хуліганства раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу.

Ключ падышоў да замка

Жыхар Лідскага раёна, 1987 года нараджэння, позняй ноччу 7 студзеня ўчыніў крадзеж інструментаў у вёсцы Карытніца. Начны злодзей змог падабраць ключ і залезці ў гаспадарчую пабудову мясцовага дачнага дома, які належыць жыхару Лідчыны. Здабычай зламысніка сталі дрэваапрацоўчы станок, шурупавёрт, электрарухавік, шліфмашынка на агульную суму 1650 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.

Здарэнні ў сельгаспрадпрыемствах

За мінулы тыдзень да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне ў стане алкагольнага ап’янення на працоўным месцы былі прыцягнуты вартаўнік і жывёлавод, якія працуюць у двух розных сельгаспрадпрыемствах Дзятлаўскага раёна.

Уладзімір СВЯТОХА,
першы намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама