Бяспечна, бюджэтна, а пры жаданні – на пяць зорак

Важнае Грамадства

У час свайго рабочага візіту на Дзятлаўшчыну дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі расказаў карэспандэнтцы газеты “Перамога”, як санаторыі Беларусі працуюць ва ўмовах пандэміі, колькі бюджэтных сродкаў у нашай краіне выдзяляецца для датацыі санаторна-курортнага лячэння насельніцтва, а таксама ацаніў работу санаторыяў Дзятлаўскага раёна.

– Генадзь Мікалаевіч, з-за каранавіруснай інфекцыі беларусы часам пазбаўлены магчымасці выехаць на адпачынак за мяжу. Наколькі запатрабаванымі цяпер сталі пуцёўкі ў беларускія санаторыі?

– Сапраўды, адзначаецца павелічэнне ўнутранага попыту ў сувязі з тым, што людзі не могуць выехаць за мяжу. Прычым, пераважна гэта група насельніцтва з дастаткам вышэй за сярэдні. Напрыклад, у летні перыяд у нас у першачарговым парадку былі запатрабаваны самыя камфортныя нумары і самыя прэстыжныя санаторыі. Зразумела, што ва ўмовах закрытых межаў іншаземцаў не было, аднак грамадзянам Расійскай Федэрацыі ўезд на лячэнне ў Беларусь не забараняўся. Адзначу, што і ў час навагодніх святаў нават ва ўмовах пандэміі ў нас штодзень было каля двух з паловай тысяч замежных грамадзян, у асноўным расіяне.

У беларусаў жа стаў даволі запатрабаваным такі від адпачынку, як пуцёўкі выхаднога дня – аналаг еўрапейскага баўлення выхадных, калі прыязджаюць адпачываць цэлымі сем’ямі. Я рады канстатаваць, што беларускія санаторыі сёння – даволі бяспечныя. З вясны, нават пры пагаршэнні эпідсітуацыі, надзвычайных сітуацый, успышак захворвання тут не было. Мы штодзень праводзім маніторынг дзейнасці ўсёй сістэмы, і я магу прывесці прыклад, што за два мінулыя тыдні ні аднаго выпадку захворвання ў адпачывальнікаў не выяўлена. Гэта пры тым, што напаўняльнасць складае больш за 50 % і ў санаторыях краіны адначасова знаходзяцца больш за 12 тысяч чалавек. Лічу, гэта галоўны крытэрый, каб канстатаваць той факт, што прынятыя супрацьэпідэміялагічныя меры сёння працуюць. Нават пры напаўняльнасці да 70 % санаторыі могуць захоўваць сацыяльнае дыстанцыраванне адпачывальнікаў, працаваць у нармальным рэжыме і прыбыткова. На мой погляд, санаторыям Беларусі ўдалося мінімізаваць негатыўныя наступствы пандэміі, і практычна ўсе яны завяршылі год са станоўчым эканамічным вынікам.

– Прэзідэнт агучыў ініцыятыву – даваць людзям магчымасць рэабілітавацца пасля складаных формаў каранавіруснай інфекцыі менавіта ў санаторыях.

– Ініцыятыва Кіраўніка дзяржавы падтрымана. У пазачарговым парадку непрацуючыя грамадзяне накіроўваюцца ў чатыры санаторыі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Ёсць сумесны Загад Міністэрства аховы здароўя, нашага Цэнтра і Міністэрства працы, згодна з якім, непрацуючым асобам, якія перанеслі каранавірусную інфекцыю з ускладненнямі, выдзяляюцца санаторна-курортныя пуцёўкі ў гэтыя ўстановы.

Усе іншыя катэгорыі грамадзян таксама ў першачарговым парадку накіроўваюцца ў санаторыі, якія маюць профіль лячэння органаў дыхання, дзе распрацаваны рэабілітацыйныя праграмы. У Беларусі 41 такая ўстанова. Усяго ж у нашай краіны, з улікам тых, што размешчаны за мяжой, 105 санаторыяў на 28,5 тысячы месцаў.

– Як на фоне астатніх выглядаюць санаторыі Дзятлаўшчыны “Радон” і “Альфа Радон”?

– Што тычыцца напаўняльнасці, то на фоне іншых яны выглядаюць прыкладна аднолькава. Па турыстычнай прывабнасці “Радон” і “Альфа Радон” – гэта брэнды не толькі Дзятлаўшчыны, але і Беларусі ў цэлым. Такія лячэбныя прыродныя крыніцы, як тут, адзінкавыя на тэрыторыі Еўропы. Унікальнасць радонавых крыніц – у лячэбным эфекце для апорна-рухальнага апарата і хваробаў неўралагічнага профілю.

Не менш радуе, што ў мінулым месяцы менавіта “Альфа Радон” атрымаў еўрапейскую акрэдытацыю і сёння ён першы ў Рэспубліцы Беларусь мае статус не толькі санаторыя, а яшчэ і пяцізоркавага атэля. Мяркую, гэта будзе актыўней прывабліваць іншаземцаў, у тым ліку еўрапейцаў, для якіх падобная класіфікацыя больш звыклая і зразумелая. Як кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва я рады, што гэтыя два курортныя аб’екты карыстаюцца попытам. Як сведчыць статыстыка, да пагаршэння эпідсітуацыі каля 80 % адпачывальнікаў санаторыяў Дзятлаўшчыны былі іх паўторнымі кліентамі. Значыць, людзі прыехалі, адчуўшы эфект ад знаходжання тут. Калі сам чалавек ацэньвае вынік, як станоўчы, то ніякія рэкламныя праекты не патрэбны.

– Генадзь Мікалаевіч, у нашай краіне сацыяльна арыентаваная эканоміка, і многія людзі атрымліваюць пэўныя льготы і датацыі на лячэнне. Наколькі важна гэта цаніць?

– Рэспубліканскі цэнтр па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва рэалізуе дзяржаўную палітыку ў галіне санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення. Каб ацаніць унёсак дзяржавы, я назаву толькі адну лічбу. Штогод Рэспубліканскаму цэнтру для льготных катэгорый грамадзян выдзяляецца сума эквівалентная 100 мільёнам долараў. Гэтыя сродкі дазваляюць набываць пуцёўкі і накіроўваць на лячэнне ў тым ці іншым выглядзе каля 800 тысяч чалавек. Па сутнасці, каля 10 % насельніцтва Беларусі штогод праходзіць лячэнне і аздараўленне з выкарыстаннем дзяржаўнага бюджэту. Я, напрыклад, не ведаю больш у свеце ні адной краіны, якая за кошт бюджэту і Фонду дзяржаўнага сацыяльнага страхавання аздараўлівала б і лячыла 10 % сваіх людзей. Безумоўным прыярытэтам Беларусі з’яўляецца лячэнне і аздараўленне дзяцей, таму каля 80 % гэтых сродкаў выдзяляецца менавіта для юных грамадзян краіны.

Як бачыце, санаторыі нашай краіны сёння дастаткова бяспечныя і даступныя для беларусаў. Насельніцтву трэба гэта ведаць і не баяцца, не сядзець дома, а браць пуцёўкі – і адпачыць з карысцю для здароўя.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup