29 студзеня на базе ААТ “Граніт-Агра”, на мехдвары ў Круцілавічах, прайшоў семінар-нарада органаў Дзяржтэхнагляду Гродзенскай вобласці з практычнымі заняткамі па правядзенні тэхнічнага агляду сельскагаспадарчай тэхнікі і рабоце з дакументацыяй.
Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама і 17 раёнаў Прынёмання.
Тон размове задаў начальнік абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Міхаіл Карняйчук. Ён зазначыў, што такая сустрэча дапаможа атрымаць адказы на праблемныя пытанні і пераняць станоўчы вопыт дзятлаўчан.
Са спецыфікай работы ААТ “Граніт-Агра” гасцей азнаёміў галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Падліпскі. Ён расказаў, што з 1 студзеня 2021 года гаспадарка ўзбуйнена, шляхам далучэння КСУП “Белагурна”. Цяпер яе агульная зямельная плошча складае 13144 гектары. Асноўнымі накірункамі дзейнасці з’яўляюцца жывёлагадоўля і раслінаводства. У ААТ “Граніт-Агра” пасля аб’яднання працуюць 500 чалавек, сярод якіх 61 механізатар, 45 вадзіцеляў, 22 рамонтныя рабочыя. На тэрыторыі гаспадаркі ёсць 3 машынныя двары і каля 450 адзінак тэхнікі, у тым ліку 66 трактароў, 16 збожжаўборачных і 6 кормаўборачных камбайнаў, 9 пагрузчыкаў. Штогод значныя сродкі гаспадаркі накіроўваюцца на набыццё новай тэхнікі. Актыўна тут карысталіся 146 Указам Прэзідэнта, набываючы тэхніку праз ААТ “Прамагралізінг”. Летась яе набылі на суму 1,5 мільёна рублёў. Не менш актыўна сельгаспрадпрыемства вядзе работу па паляпшэнні ўмоваў працы і адпачынку работнікаў.
Каб не быць галаслоўным, Андрэй Падліпскі запрасіў удзельнікаў семінару на экскурсію па мехдвары, у час якой яны азнаёміліся з рамонтна-абслугоўваючай базай аб’екта, наведалі рамонтную майстэрню, пункт тэхабслугоўвання, абменны склад, пабачылі, як у гаспадарцы наладжана работа па пастаноўцы тэхнікі на захоўванне. Як і належыць, усе сельгасмашыны тут былі акуратна закансерваваны, прычапныя і навясныя агрэгаты адрамантаваны, пачышчаны і пафарбаваны. На складзе запасных частак таксама на шматузроўневых стэлажах знаходзіліся розныя дэталі, якія ў выпадку неабходнасці дапамогуць хутка адрамантаваць тэхніку.
Затым слова ўзяў начальнік Дзятлаўскай раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Аляксандр Шундрык. Ён расказаў і паказаў удзельнікам семінару этапы праходжання дзяржтэхагляду на практычных прыкладах трактара “Беларус-3022” у складзе з трактарным прычэпам маркі “3ПТС-13”, а таксама пагрузчыка маркі “Амкадор 332С4”. У час практыкума спецыялісты даведаліся, як праходзіць працэдура падрыхтоўкі дакументаў і тэхнікі да тэхагляду ў нашым раёне і атрымалі кампетэнтныя адказы на свае пытанні ад Аляксандра Шундрыка і Міхаіла Карняйчука.
Пасля практычнай часткі ўдзельнікі семінару перайшлі ў актавую залу адміністрацыйнага будынка гаспадаркі, дзе папрацавалі з дакументацыяй і падвялі вынікі работы абласнога Дзяржтэхнагляду за 2020 год, спыніўшыся на канкрэтных раёнах Гродзеншчыны і акрэсліўшы для ўсіх іх задачы на бягучы год. Вясна ўжо блізка, а яна, як вядома, – лепшы экзаменатар для аграрыяў. Таму ў рабоце сельгаспрадпрыемстваў дробязяў быць не павінна: трэба каб і тэхніка была спраўнай, і насенне высокай якасці, і механізатары працавалі старанна.
Ірына СТЫРНІК
Фота Марыі ПАПОВАЙ