Заўсёды гатовы падаць руку дапамогі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

3 снежня старшыня Дзятлаўскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Валерый Макарчык наведаў цэнтральную раённую бальніцу і перадаў установе сродкі індывідуальнай абароны – рэспіратары.

Варта адзначыць, што сёлета, пасля правядзення восьмага з’езду Федерацыі прафсаюзаў Беларусі, ва ўсіх пярвічных прафсаюзных арганізацыях былі сфарміраваны касы ўзаемадапамогі. У Дзятлаўскім раённым аб’яднанні прафсаюзаў быў створаны фонд для аказання дапамогі пярвічным прафсаюзным арганізацыям для закупкі сродкаў дэзынфекцыі, сродкаў індывідуальнай абароны і аказання матэрыяльнай дапамогі.

Карэспандэнт газеты “Перамога” пацікавіўся ў Валерыя Вячаслававіча, як дапамагаюць пярвічным прафсаюзным арганізацыям у нашым раёне.

– У гэтым годзе мы аказалі дапамогу ўжо тром пярвічным прафсаюзным арганізацыям, – расказаў Валерый Макарчык. – Вось і сёння перадалі Дзятлаўскай раённай бальніцы больш за тысячу рэспіратараў, якія былі закуплены пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй бальніцы пасля звароту ў раённае аб’яднанне для аказання дапамогі.

Галоўны доктар Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы Алег Анцух падзякаваў раённым прафсаюзам за падтрымку і адзначыў:

– Рэспіратары нам былі вельмі неабходныя: яны забяспечаць абарону работнікаў установы ва ўмовах неспрыяльнага эпідэміялагічнага становішча.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ
Фота аўтара

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup