Падарункі і танцы з Дзедам Марозам

Галоўнае Культура і адпачынак

На Дзятлаўшчыне ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” 23 снежня ў сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава прайшоў раённы ранішнік для дзяцей-інвалідаў.

Яго змаглі наведаць больш за 20 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Віншаванні ад раённага выканаўчага камітэта ўдзельнікам свята адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч. Ён пажадаў дзецям, іх бацькам і педагогам моцнага здароўя, аптымізму, шчасця і ажыццяўлення самых запаветных мараў.

Да віншаванняў далучыліся намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, актывістка раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Жадзейка; галоўны спецыяліст аддзела, дырэктар Дзятлаўскага раённага аддзялення РГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская; ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец; дырэктар ТАА “Ізакам” Аляксандр Шалесны. Яны ўручылі падарункі ад сваіх арганізацый для Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. У сваю чаргу, дырэктар цэнтра Марына Гуговіч у знак удзячнасці ўзнагародзіла спонсараў “Сертыфікатамі добрых спраў” і падкрэсліла, што такія дакументы па добрай традыцыі цэнтр уручае людзям, шчодрым на дабро.

Пасля віншаванняў пачаліся гульні і танцы. У святочную залу спачатку завіталі вясёлыя пятрушкі і закружылі дзетак у навагоднім карагодзе. У хуткім часе да іх далучыліся Снягурачка і Дзед Мароз, вясёлыя роставыя лялькі. Не абышлося без традыцыйных вершыкаў. Дзеці і дарослыя нават змаглі пакідаць сняжкі, праўда, папяровыя. Пасля конкурсаў і танцаў навагоднія героі ўручылі хлопчыкам і дзяўчынкам прызы і салодкія падарункі, набытыя за кошт раённага бюджэту. Усяго такіх жа скрыначак з цукеркамі сёлета дачакаецца 91 асаблівае дзіця нашага раёна.

Ірына СТЫРНІК



Теги: