З году ў год работнікі сацыяльна-педагагічнага цэнтра напярэдадні зімовых святаў стараюцца падарыць выхаванцам сацыяльнага прытулка навагодні настрой і добрую казку.
Вось і сёлета, як расказала дырэктар установы Ала Жэгалік, тут з’явіліся ўпрыгожаныя зоны і святочная атрыбутыка.
Ужо на ўваходзе ў цэнтр гасцей вітае сімвал наступнага года – Бычок.
У фае – гадзіннік, на якім амаль 12, упрыгожаная ёлка, снегіры, снегавікі, шмат іншых вырабаў.
Пад столлю калідора – лёгкія балярыны танцуюць пры кожным руху чалавека, які тут праходзіць, у дзіцячых спальнях – дзеды марозы, а ў гульнявым пакоі – вялікая ёлка з гарой скрынак-падарункаў і больш за дзясятак дзіцячых работ на стэндзе “Наша творчасць”.
Звонку цэнтр таксама выглядае па-святочнаму: клумбы ўпрыгожаны ялінкамі і шарамі, на фасадзе будынка – фігурка Дзеда Мароза, які, відаць, збіраецца залезці ў комін, каб пакінуць дзецям навагоднія сюрпрызы.
– А мы ўжо атрымалі паштоўкі ад Дзеда Мароза, – хваляцца Дзяніс, Паліна і маленькая Даша, якія сустрэнуць святы ў прытулку. – Паштоўкі вялікія, каляровыя, з рэбусамі і наклейкамі.
– Гэта я ім падарыла, каб падбадзёрыць і ўключыць у падрыхтоўку да святаў, – шэптам прызнаецца Ала Аркадзьеўна.
Аднак дзятва не зважае на нашы сакрэты – юныя насельнікі прытулка пакуль яшчэ ўпэўнены, што Дзед Мароз існуе.
– А чаго ад добрага навагодняга чараўніка чакаеце вы? – пытаюся ў дзяцей.
Сямігадовы Дзяніс першым уключаецца ў размову:
– Я хачу атрымаць канструктар “Лега – горад” і машынку смеццявоз. А яшчэ хачу папрасіць у Дзеда Мароза хутчэй вярнуцца дахаты.
– Дзяніс у нас любіць машынкай вывозіць у сметніцу паперкі і іншыя непатрэбныя рэчы, таму і марыць аб “спецтранспарце”, – тлумачыць педагог Алена Франюк.
– А я хачу ляльку Барбі з домікам, – агучвае сваю навагоднюю мару сямігадовая Паліна. А больш за ўсё хачу жыць у шчаслівай дружнай сям’і, ездзіць з бацькамі на экскурсіі і абавязкова наведаць аквапарк.
Трохгадовая Даша, сястрычка Паліны, спачатку саромеецца і маўчыць, пачакаўшы, выдае-такі сваё пажаданне:
– Маленькую поні-адзінарожку няхай пакладзе пад ёлачку Дзед Мароз.
– Даша ў нас вельмі паслухмяная і акуратная дзяўчынка. Яна сочыць за парадкам і ўсе свае рэчы старанна складвае, – характарызуе выхаванку Ала Жэгалік. – Нашы дзеці з нецярпеннем чакаюць святаў, фатаграфуюцца для ўдзелу ў навагоднім фотаконкурсе газеты “Перамога” – “Спяшаемся на карнавал” і мараць заваяваць прыз раёнкі.
У хуткім часе ў рамках акцыі “Нашы дзеці” да нас пачнуць прыходзіць госці з віншаваннямі, вельмі хочацца, каб выхаванцы прытулка атрымалі ад іх у падарунак не толькі цукеркі, але і развіваючыя гульні, кніжкі, канцылярскія прылады. Дзеці чакаюць добрых цудаў, а мы, дарослыя, можам іх тварыць для тых, хто вымушаны сустракаць свята без сям’і.
Ірына СТЫРНІК
Фота аўтара
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup