Пераднавагоднія дні – асаблівыя для дружнай сям’і Шэлегаў: амаль штодня сюды прыходзяць госці з арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў, каб падарыць дзецям маленькі цуд.
Гэтым разам з нагоды акцыі “Нашы дзеці” дзіцячы дом сямейнага тыпу наведалі старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк, старшыня раённага Савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.
Яны прыйшлі з падарункамі, якія дзеці папрасілі ў Дзядулі Мароза праз “Ёлку жаданняў” – дабрачынную акцыю Чырвонага Крыжа. Цікавыя гульні і лялькі былі дапоўнены разнастайнымі пачастункамі – ад цукерак да садавіны.
Дзеці паразважалі з дарослымі пра Новы год і Каляды, расказалі вершы і выканалі песню. Гаспадар дома Аляксандр Шэлег падарыў гасцям календары на наступны год. Традыцыйна цёплая сустрэча завяршылася калектыўным фота каля прыбранай ёлкі.
Наталля АВЯРЧУК