Наша жыццё складаецца з мноства падзей.
Пражываючы тое, што адбываецца, чалавек праяўляе розныя эмоцыі – “добрыя” і “дрэнныя”, звяртае ўвагу не толькі на негатыўныя падзеі, але і на радасныя, ад якіх залежыць наш настрой і жаданне вырашаць жыццёвыя пытанні.
Бывае, нешта здарыцца, настрой упадзе да нуля, і вось ужо жыццёвыя сілы нас пакідаюць, няма жадання нічым займацца, як кажуць у народзе, “усё валіцца з рук”. Вядома, у такім стане мы не здольныя нічога зрабіць добра і якасна, нават вячэра, прыгатаваная ў такім стане для сям’і, не прынясе нікому задавальнення.
У жыцці нічога проста так не бывае. Можна ўтойваць у сабе зло, якое нас жа знутры і раз’есць, не раз мы чулі, што трэба “перастаць займацца самаедствам”. І ў той жа час ігнараваць падзеі мала нам прыемныя таксама нельга. Важна ўбачыць усю паўнату карціны з розных бакоў, па-новаму зірнуць на непрыемнасці, хоць гэта, вядома, не значыць, што трэба радавацца, калі ў жыцці адбываецца нешта дрэннае, ці перастаць адстойваць свае інтарэсы.
Навошта? Чаму? За што? Для чаго? Часта мы задаём сабе гэтыя пытанні. Але толькі час пакажа, што менавіта так і павінна было адбыцца.
Можа, і не ўсе са мной пагодзяцца, але я лічу, што мы павінны дзякаваць жыццю за ўсё, што з намі адбываецца, у тым ліку і за розныя выпрабаванні. Менавіта яны даюць нам самыя галоўныя ўрокі жыцця, робяць нас мацнейшымі, а часам і ратуюць нас, хоць зразумець гэта адразу ў нас не атрымліваецца.
Вось толькі ці ўмеем мы дзякаваць? Ці часта вымаўляем словы падзякі як свайму лёсу, так і людзям? Я цяпер не пра “дзякуй” за зробленую пакупку ў магазіне, а “дзякуй” за ўсмешку і цёплае слова, за тое, што не забыліся і памятаеце, “дзякуй” за нешта няўлоўнае, няздзейсненае, але тое, што грэе душу і напаўняе сэрца радасцю.
Кажучы “дзякуй”, мы адчуваем сябе лепш. Пачуццё падзякі прымірае нас з жыццём, дазваляючы шанаваць тое, што мы маем, а не шкадаваць пра тое, чаго ў нас няма. Падзяка паляпшае адносіны з іншымі, не даючы зацыкліцца на сабе. Падзяка дае нам дадатковыя рэсурсы, дапамагае ўбачыць, што прыносіць радасць і чаго хацелася б у сваім жыцці больш, а ад чаго быць гатовым адмовіцца.
Кожны раз, адчуваючы прыемныя перажыванні, варта падзякаваць лёсу за гэтую радасць, прычым не для адводу вачэй, а шчыра і ўдумліва, канцэнтруючыся на сваіх пачуццях.
Урэшце, вялікія радасці і перамены здараюцца не так часта. Сутнасць у тым, каб заўважаць прыемныя дробязі.
Кіраваць сваімі эмоцыямі павінен сам чалавек, хоць гэта бывае і не так проста. Але што можа быць прасцей, чым сказаць “дзякуй” за зробленае дабро, за аказаную ўвагу ці паслугу, за добрае стаўленне да чалавека!
Я кажу вам “дзякуй”, перадайце па эстафеце!
Наталля КАЛОДКА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup