Цуды ў жыцці здараюцца! Проста яны адбываюцца не па чараўніцтве. Людзі самі робяць іх, напрыклад, для тых, каго любяць.
Ці задумваліся вы калі-небудзь, што такое цуд?
Часцей за ўсё мы звязваем цуды з чымсьці незвычайным, загадкавым, з тым, што выклікае здзіўленне, захапленне, асаблівую прыцягальнасць.
А што можа выклікаць у нас захапленне, здзіўленне? Хараство пэндзля мастака, які творыць цуд на палатне; кветка, якая расквітнела на калючым кактусе; велічныя вадаспады і казачныя пячоры, дзе прырода стварыла сапраўдныя шэдэўры… Аб шматлікіх цудах можа расказаць нам і гісторыя.
Наш свет поўны цудаў. І тое, што для аднаго чалавека з’яўляецца звычайным, для іншага можа здавацца цудам. Напрыклад, для людзей сталага ўзросту цудам тэхнікі з’яўляецца мабільны тэлефон, асабліва калі па відэазванку можна пагутарыць з любімымі ўнукамі і праўнукамі. Або калісьці мы збіралі “пятнашкі”, каб раз на тыдзень патэлефанаваць дадому і пачуць голас бацькоў. Сёння гэта норма жыцця.
Мне здаецца, што ў некаторай ступені ўспрыманне цудоўнай падзеі залежыць ад чалавека, яго характару, адносінаў да жыцця. Цуды бываюць. Прычым бываюць яны ў жыцці абсалютна ва ўсіх, розніца толькі ў тым, што хтосьці іх умее заўважаць і імі захапляцца, а хтосьці называе цуды выпадковасцямі або супадзеннямі.
Простым супадзеннем можна было б назваць і тое, што часам самыя нерэальныя думкі становяцца рэальнасцю. Успомніце, не гаварылі вы такую фразу: “Калі б мне год таму сказалі, што.., я б нізашто не паверыў”.
Для кагосьці рэальнасцю стала жаданая праца, для кагосьці – набыццё жылля, нараджэнне дзіцяці, якога чакалі шмат гадоў, выйгрыш у латарэю і многае іншае. Бывае, выпадак ці сустрэча карэнным чынам могуць змяніць жыццё чалавека і павярнуць яго на 180 градусаў.
Але… цуды здараюцца з тымі, хто ў іх верыць, хто з аптымізмам глядзіць на жыццё, хто нягледзячы на ўсе жыццёвыя нягоды радуецца кожнаму дню і знаходзіць у ім свае станоўчыя моманты.
Ёсць цуды, якія мы можам тварыць самі, асабліва для тых, каго любім. Хіба не цуд для маленькага чалавечка ўбачыць Дзеда Мароза ў навагоднюю ноч і атрымаць доўгачаканы падарунак. Усе дзеці чакаюць гэтага з нецярпеннем, пішуць лісты Дзеду Марозу, і няма ніякага сумнення, што ён не прыйдзе! А дарослыя толькі “матаюць сабе на вус”, улоўліваючы жаданні сваіх сыноў, дачок, унукаў.
Сталеючы, мы ўсё больш апускаемся ў рэальнасць і ўсё менш верым у цуды, тым самым губляючы ў сваім жыцці нешта чароўна-няўлоўнае, што можа нам дапамагчы зрабіць наша жыццё больш яркім.
Можа, трэба ўспомніць дзяцінства і зноў адчуць лёгкасць, прыемнае хваляванне, чаканне чагосьці, што зробіць нас больш шчаслівымі і каго больш шчаслівым можам зрабіць мы.
Можа быць, варта зірнуць на жыццё па-іншаму? Не ўсё ў гэтым свеце можна купіць за грошы, затое можна прапусціць столькі цудаў, калі забыць пра тое, хто ты ёсць і з чым прыйшоў у гэты свет.
Глядзіце ўважлівей. Наступны цуд ужо на парозе.
Наталля КАЛОДКА